Каб атрымаць заробак, футбалісты “Дняпра” пішуць скаргі мэру і губернатару

110729 Sviardlou Dnepr.mp3Футбалісты магілёўскага “Дняпра”, з якімі не разлічыліся па прэміяльных за апошнія два сезоны, нядаўна адмовіліся выходзіць на трэніроўкі. 28 ліпеня, пасля абяцання клуба цягам 10 дзён вырашыць пытанне з запазычанасцямі, футбалісты нарэшце выйшлі на трэніроўку. Палічылі, што зусім не трэніравацца для спартоўца — таксама не выйсце. Але капітан каманды Яўген Капаў кажа, што такіх абяцанняў ужо было шмат. І не выключае, што футбалісты могуць аднавіць страйк.

Яўген Капаў: “Былі складзеныя тры лісты. У тым ліку на імя мэра і губернатара горада. Наш генеральны дырэктар Аляксандр Сенцюроў ездзіў на сустрэчу з мэрам, які паабяцаў разабрацца з гэтым пытаннем. Ён кажа, што трэба пацярпець, плаціць нам не адмаўляюцца. Але мы чуем гэта ўвесь час”.

Капаў кажа, што спачатку абяцалі разлічыцца да 1 чэрвеня — і не разлічыліся. Потым сказалі, што футбалісты атрымаюць грошы да 1 ліпеня — але зноў нікому не заплацілі.

Яўген Капаў: “Нельга сказаць, што мы ўвогуле без грошай. Нашы заробкі вышэй за сярэднестатыстычныя. Можаш атрымаць і расцягваць. Але сам факт, што не атрымліваеш заробак, а твой футбольны век кароткі... Заўтра ты атрымаў траўму — і скончыў гуляць. Мне, напрыклад, 34 года, хутка скончу кар’еру. Тое, што зарабіў, мне не аддаюць. Я лічу гэта няправільным”.

Форвард моладзевай зборнай Літвы і магілёўскага "Дняпра" Фёдар Чарных свае грошы ад клуба атрымаў. Але спагнаць іх атрымалася толькі праз кантрольна-дысцыплінарны камітэт Федэрацыі футбола. Паводле слоў Чарных, каля 10 чалавек з мінулагодняга складу “Дняпра” звярнуліся ў Федэрацыю футбола з такімі ж скаргамі. 

Фёдар Чарных: “Клуб абавязалі выплаціць мне грошы цягам тыдня. Падаваў ліст, што клуб не выплачвае заробак, прэмію за талент, прэміяльныя за мінулы год. Суд быў 5 дзён. Гэта было месяцы два таму”.

А ўжо сёння кантрольна-дысцыплінарны камітэт Федэрацыі футбола разглядаў скаргу футбаліста “Дняпра” Антона Мацвяенкі. Еўрарадыё паразмаўляла са спартоўцам адразу пасля паседжання камітэта.

Антон Мацвяенка: “Клубу далі тры тыдні, каб разлічыцца. Псіхалагічны настрой у камандзе не вельмі добры. Грошы не плацяць. Але ў бліжэйшай гульні будзем біцца за сваё імя, трэба сябе паважаць. Праблемы з фінансамі ў горадзе ўвесь час. Пэўна, тыя, хто выдзяляе грошы, не вельмі любяць каманду. Асаблівай ініцыятывы не праяўляюць”.

Генеральны дырэктар “Дняпра” Аляксандр Сенцюроў кажа, што аплата па запазычанасцях за мінулыя гады была ўлічаная бюджэтам клуба. А ў канцы чэрвеня — ліпені ўзніклі затрымкі фінансавання з боку прадпрыемстваў-спонсараў.

Аляксандр Сенцюроў: "Да чэрвеня ў нас не было такога напружання. Але, можа, змянілася сітуацыя на заводах. У канцы чэрвеня — ліпені не было плацяжоў. З кіраўнікамі вядзецца размова. Яны не адмаўляюцца ад сваіх абавязкаў. Я не ведаю, чаму адначасова на ўсіх прадпрыемствах адбыўся такі казус”.

Па словах Сенцюрова, зараз сітуацыя знаходзіцца пад кантролем гарадскіх і абласных уладаў, і да 10 жніўня запазычанасці павінны быць ліквідаваны.

Фота: fcdnepr.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі