“Крэдыт Беларусі — гэта як каністра бензіна гаспадарам палаючага дома"

Еўрарадыё: Ці зможа Лукашэнка “выбіць” тыя 6 мільярдаў, пра якія ён так гучна заяўляў? І якім коштам?

Чалы: “Канешне ж, там не пра 6 мільярдаў ідзе гаворка, ужо ўчора з’яўлялася інфармацыя пра 6-6,5 мільярдаў долараў. Кудрын (міністр фінансаў Расіі — Еўрарадыё) учора, фактычна, заявіў, што нічога насамрэч не змянілася. Наконт крэдыту, які можа прадставіць Расія Беларусі — гэта менавіта крэдыт антыкрызіснага фонда ЕўрАзЭСа, гэта не міждзяржаўны крэдыт (пра такі ўвогуле не ідзе гаворка). Гэта ўсе ж такі крэдыт, які будзе расцягнуты на некалькі год — па мільярду кожны год.

Я не ведаю, якім чынам там можна было налічыць 6 мільярдаў. Фраза прэзідэнта пра тое, што 3 мільярды — гэта крэдыты пад будучыя пастаўкі нашых прадуктаў, шчыра кажучы, увогуле паставіла мяне ў тупік — я не вельмі разумею, што гэта ўвогуле азначае. Бо звычайна крэдытуюць усе ж пакупнікоў. Хутчэй за ўсё гаворка ідзе аб аванансаванні плацяжа за наш экспарт у Расію і ўвогуле гэта, канешне ж, крэдытам лічыць нельга. Мяркуючы па выказваннях расійскага бока за апошні тыдзень умовы выдачы крэдыта сталі больш жорсткімі, бо калі раней гаворка вялася пра тое, што — “мы разумеем, што 3 мільярда трэба ў гэтым годзе, мы вам можам даць адзін мільярд, а астатнія два вы можаце дабраць прыватызацыяй, мы ведаем, што ў вас шмат дзяржуласнасці”. А ўжо літаральна ўчора некалькі інакш гучала гэтая фраза.

Гаворка ішла пра тое, што “ўмовай атрымання крэдыту з антыкрызіснага фонда ЕўрАзЭС, будзе прыватызацыя беларкускіх актываў на 3 мільярда долараў”. Не проста, што “вы там самі вырашыце, што хочаце”, а менавіта, што прыватызацыя будзе з’яўляцца адной з умоваў атрымання грошай, якія беларускі бок хоча атрымаць. Расія ў дадзеным выпадку вядзе сябе вельмі рацыянальна, паступова робячы ўмовы больш жорсткімі па меры таго, як сітуацыя эканамічная ў нас у краіне пагаршаецца”.

Еўрарадыё: Наколькі рэальна тое, што ўвядуць расійскі рубель?

Чалы: “Гэта хутчэй з сферы фантастыкі, бо гэта не трэба, у першую чаргу, нам і Расіі гэта таксама не трэба. Усё, што Расію цікавіць у Беларусі — гэта зусім не паглынанне краіны, не ўводзіны расійскага рубля, які будзе азначаць, што нашую эканоміку фактычна трэба браць на ўтрыманне, Расію цікавіць самы прывабны кавалак дзяржуласнасці і па вялікім рахунку больш нічога. Гэта напрыклад "Гродна Азот", гэта частка нафтапрафоду “Дружба”, “Беларуськалій”.

Еўрарадыё: Пасля прыезда расійскага прэм'ера Ўладзіміра Пуціна ў Беларусь што мы згубім?

Чалы: “Гэты візіт можа нічога і не даць. Узгадайце аналагічнае паседжанне Міждзяржаўнага савета ЕўрАзЭС, якое было два месяцы таму і дзе таксама беларускі бок чакаў, што вось непасрэдна тут мы атрымаем крэдыт або пачуем, дзя яго выдаюць. Нічога гэтага не адбылося. Расіі спяшацца няма куды, яе мэта — пачакаць пакуль кліент канчаткова не даспее. А з нашага боку адбываюцца таксама цікавыя выказванні, напрыклад, калі беларускі прэм’ер Мясніковіч сказаў, што мы можам ўвогуле і ў МВФ звярнуцца. Зразумела, што ў МВФ звяртацца Беларусі ў пэўным сэнсе прыніжальна, бо дэманстратыўна ў свой час іх кінулі з праграмай “Стэнд бай”. І зразумела, што калі справа дойдзе да грошай МВФ, то гэта яшчэ шмат месяцаў наперадзе. Але я думаю, што гэты выступ Мясніковіча кажа пра тое, што хутчэй за ўсё гэта вынік таго, што вельмі ўжо жорсткімі становяцца ўмовы з боку Расіі”.

Еўрарадыё: Калі не МВФ, калі не Расія, ці ёсць нейкая краіна, якая рэальна здольная і пажадае даць нам крэдыт?

Чалы: “А навошта? Усе цудоўна разумеюць, што даваць нам крэдыт зараз, гэта як яшчэ адну каністру бензіну падараваць гаспадару дома, які гарыць. Не тое, што нам не дапамогуць, хутчэй пагоршаць сітуацыю”.

Чалы: “Крэдыт Беларусі — гэта як каністра бензіна гаспадарам палаючага дома" by Euroradio

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі