Кулінар прапануе “Белпошце” зрабіць маркі з пахам дранікаў
“Гэтага няма ў планах да 2014 году” – адказвае пошта.
“Найперш – кумпяк, вэнджаную каўбасу, халаднік, флякі, крупеню, калдуны з грыбамі, зялёны боршч, дранікі, жур, бабку”, - дызайнер і кулінар Андрэй Азараў называе топ страваў, якія трэба надрукаваць на марках. Так бы было зразумела, што гэта менавіта беларускія стравы. Такі своеасаблівы патэнт.
Такія маркі кулінар Андрэй Азараў прапануе пошце.
Па задуме, стравы можна… панюхаць. Нанесці на марку арамат сала, дранікаў ды бабкі.
“Была яшчэ ідэя, зрабіць араматычныя маркі. Дадаць у фарбу пах дранікаў, напрыклад. Ці вэнджанага кумпяка”, - прапануе Андрэй Азараў.
Але, як даведалася Еўрарадыё, “Белпошта” маляваць дранікі і сала на марках не збіраецца. Бо маркі не будуць выпускаць да 2014 года. Відаць, рыхтуюцца да чэмпіянату па хакеі.
“Маркі – гэта дзяржаўны сродак аплаты. Мы аднойчы ўжо выпускалі хлеб на марках. Яны і па сёння ў абароце”, - адказваюць на пошце.
Улетку пошта выпускае паштоўкі з балотамі ды іншымі краявідамі. Можа, выпусцяць і стравы з рэцэптамі.
“У нас ідэя гэта ўжо была ў мінулым годзе. Цяпер мы разам з Мінпрыродай выпускаем серыю краявідаў. Азёры, балота. Пасля мы хацелі паказаць наш нацыянальны каларыт і … стравы, вядома, плануем”, - кажа супрацоўніца выдавецкага цэнтру пошты.
Яна сама часта гатуе дома бабку ды дранікі. Праўда, да кумпяка і журу яшчэ не дайшло.
Андрэй не супраць размясціць рэцэпты на паштоўках. А маркі… пачакаюць да 2014 году. За 6 год ён сабраў каля 50 рэцэптаў беларускіх страў. І яшчэ 450 страў з іншых краін свету. Усё гатуе сам і… здымае на відэа, якое можна знайсці на яго сайце – talerka.ru.
“На першым месцы ў мяне Італія – 86 рэцэптаў, на другім – Францыя і на трэцім – Беларусь. У нас унікальная тэрыторыя, у нас у кухні шмат ад іншых народаў. Штосьці прыйшло ад немцаў, нешта ад татараў, калдуны, напрыклад. Нейкія стравы прыйшлі ад яўрэяў”, - гаворыць Андрэй.
“На першым месцы ў мяне Італія – 86 рэцэптаў, на другім – Францыя і на трэцім – Беларусь. У нас унікальная тэрыторыя, у нас у кухні шмат ад іншых народаў. Штосьці прыйшло ад немцаў, нешта ад татараў, калдуны, напрыклад. Нейкія стравы прыйшлі ад немцаў, ад яўрэяў”.
Дарэчы, беларуская кухня б'е па кішэні менш, чым японская.
Андрэй Азараў: “Калі я хачу хутка выпіць гарэлкі і закусіць хутка, прыходжу дадому і пакуль ахалоджваецца гарэлка, гатую. Замарожаны булён з кавалкамі грудзінкі, туды кладу шчавель і яйцы – і суп гатовы пакуль ахалоджваецца гарэлка. І таго – у межах 4 долараў на 3 порцыі”.
Атрымліваецца танней за сушы, якія да 35 тысяч за штуку.
Фота: www.tio.by, talerka.ru