Ладуцька атрымаў права пашыць генеральскі мундзір

111103 Luka6uk Generaly.mp3

Ад сённяшняга дня мэр Мінска Мікалай Ладуцька і старшыні аблвыканкамаў маюць поўнае права на штаны з лампасамі — кіраўнік краіны скарыстаўся сваімі паўнамоцтвамі галоўнакамандуючага і надаў ім званні генерал-маёраў.

Еўрарадыё пацікавілася ў кіраўніка прэс-службы Мінабароны Уладзіміра Макарава, ці дазваляе вайсковы статут даваць такія высокія званні людзям, якія не знаходзяцца на дзеючай службе. Нас супакоілі: бывалі і больш “цікавыя” прэцэдэнты ў гісторыі. Праўда, якія, суразмоўца Еўрарадыё не ўдакладніў.

Уладзімір Макараў: “Прэцэдэнты ёсць цікавейшыя ў гісторыі з гэтай нагоды. Што тычыцца нас, то тут робіцца ўсё ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь”.

Вось толькі назваць канкрэтны заканадаўчы акт ці артыкул, у “дакладнай адпаведнасці з якім” адбылося гэтае наданне, не здолеў.

Затое кіраўнік прэс-службы ўпэўніў, што зараз новаспечаныя генералы маюць поўнае права насіць генеральскую форму — з лампасамі, залатымі пагонамі, усё як мае быць.

Афіцыйна наданне вайсковых званняў чыноўнікам тлумачыцца тым, што яны кіруюць саветамі абароны адпаведных рэгіёнаў. А старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька мае права разгортваць тэрытарыяльную абарону. Праўда, папярэдне паінфармаваўшы кіраўніка краіны. Адзінае, з біяграфіі сталічнага мэра, размешчанай на сайце Мінгарвыканкама, не бачна, ці служыў Ладуцька ў войску.

Генерал у адстаўцы Валеры Фралоў моцна сумняецца ў тым, што чыноўніка можна дапускаць да камандавання тэрытарыяльнай абаронай.

Валеры Фралоў: “Пагоны не даюць умення камандаваць, кіраваць з ваеннага пункту гледжання. Той ваенны, які будзе камандаваць войскамі, ён павінен знаходзіць паразуменне з цывільным кіраўніком горада Мінска, каб гэтая тэрытарыяльная абарона была на адпаведным узроўні забяспечаная. А калі цывільны будзе камандаваць, то, на мой погляд, хоць ты яму званне генералісімуса прысвой, у ваенных пытаннях ён разбірацца не пачне”.

І дадае, што афіцэры дзеючай арміі наўрад ці з разуменнем і радасцю ўспрымуць гэтыя прысваенні.

Дарэчы, якое званне зараз мае дзеючы кіраўнік краіны — дакладна высветліць не ўдалося. Бо галоўнакамандуючы — гэта пасада, так бы мовіць, перахадзячая. Прыйдзе новы чалавек на месца кіраўніка краіны — ён стане галоўнакамандуючым.

У сувязі з гэтым не вядома, ці будуць зараз усе новапрызначаныя кіраўнікі абласцей аўтаматычна станавіцца генерал-маёрамі. І ці будуць такога звання пазбаўляць тых, хто з гэтай пасады пойдзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі