Лукашэнка: Вынікі "Еўрафэста" падтасаваныя, на "Еўрабачанне" едзе Litesound
Сёння з удзелам кіраўніка Беларусі прайшла нарада, па выніках якой было вырашана, што Алена Ланская не будзе прадстаўляць Беларусь на "Еўрабачанні" ў Баку.
"Сумна, вядома, што нам прыходзіцца на ўзроўні прэзідэнта займацца такімі пытаннямі. Але пытанне якраз не заключаецца ў тым, каб займацца нейкімі еўрафэстамі ці нават конкурсам "Еўрабачанне". Пытанне, якое выносіцца на ўзровень прэзідэнта, зусім у іншым — пытанне ў справядлівасці", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Вынікі падтасавалі, не ведаю навошта. Падставілі гэтую дзяўчынку [Алену Ланскую], таленавітую спявачку. Не ведаю, як вы з ёй будзеце разбірацца цяпер. І пакрыўдзілі гэтых хлопцаў [Litesound], якія фактычна аказаліся па ўсіх крытэрах пераможцамі. Яшчэ раз падкрэсліваю: пытанне ў справядлівасці", — цытуе кіраўніка Беларусі БЕЛТА.
"Як мяне інфармуюць ужо дзве групы, якія на маё даручэнне гэтым займаліся, вынікі фіналу конкурса аказаліся падтасаванымі. Не ведаю, навошта і чаму. Гэта мы разбярэмся, калі не тут, то ў межах крымінальнай справы. Даравання нікому не будзе. Таму я прапаную вам не цямніць", — сказаў Лукашэнка.
"Вы стварылі патавую сітуацыю, сітуацыю, якая характарызуе ўсіх траіх непрыстойна", — сказаў кіраўнік дзяржавы на адрас міністра культуры Паўла Латушкі, кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі, кіраўніка ТАА "Амкадор" Аляксандра Шакуціна, які "дапамагаў, у тым ліку і фінансава, арганізоўваць "Еўрафэст".
Аляксандр Лукашэнка скрытыкаваў кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзьку: "Я здзіўлены, Генадзь Браніслававіч, вы кожны дзень мне пішаце лісты пра цяжкі фінансавы стан вашай кампаніі. Так вам што, грошы няма куды падзець? Я павінен міма кіраўніка выходзіць. Я ж публічна вам туды прызначыў намесніка — вочы і вушы прэзідэнта. І вы, тым не менш, не інфармуючы яе, траціце мільярды рублёў незразумела на што. Вам што шолшы няма куды падзець? Журналісты скардзяцца — заробак не плаціце, як след. Гэта другое пытанне, на якое я хачу атрымаць адказ".
***
“Не трэба казаць, што гэты скандал арганізавала група Litesound. Мы ў гэтым выпадку не прыклалі ніякіх высілкаў, і ніякіх дзеянняў, акрамя інтэрв’ю, пра якія прасілі журналісты, не прадпрымалі. На шчасце, у нас ужо ёсць грамадзянскас супольнасць, гэта яго парасткі. Усё гэта атрымалася за кошт інтэрнэта. І гэта вельмі здорава!”, — каментуе Еўрарадыё дырэктар гурта Litesound Юрый Каракін.
Нагадаем, Еўрарадыё звяртала ўвагу на тое, што 4 з 10 сяброў журы паставілі Алёну Ланскую на апошняе месца.
Фота — bymedia.net