Лятучы Універсітэт пачынае новы навучальны год (фота)
Два дні ў Галерэі Ў адбывалася прэзентацыя розных навучальных курсаў
Лятучы Універсітэт прыдумаў два гады таму філосаф Уладзімір Мацкевіч. Ідэя простая – арганізаваць альтэрнатыўную магчымасць навучання для моладзі, дзе не будзе абмежаванняў (залікоўкі, адзнакі, адлічэнні за палітыку і г.д.), але будуць сабраныя найлепшыя выкладчыкі-інтэлектуалы Беларусі. У мінулым годзе ў Лятучы Універсітэт былі запісаліся больш за 200 чалавек. І вось учора і сёння ў Галерэі Ў адбывалася прэзентацыя новага навучальнага года. Набор працягнецца да 21 верасня, навучанне пачнецца 1 кастрычніка.
Патэнцыйныя слухачы пыталіся ва Уладзіміра Мацкевіча, чаму ўніверсітэт называецца “Лятучы”?
Уладзімір Мацкевіч: “Лятучы ён таму, што не паўзучы. Не прывязаны да зямлі, а хутчэй імкнецца да вышыняў, да неба – з аднаго боку. А з другога боку, ён, на жаль, лятучы, бо ў нашых умовах, у нашай краіне, дзе ніякая ініцыятыва не можа існаваць без дазволу дзяржавы, прыходзіцца быць летуценнікамі, перасоўвацца з месца на месца”.
Уладзімір Мацкевіч
Галоўнае – на думку Мацкевіча – кожнаму ўпарадкаваць сваё мысленне, каб і справы былі адпаведныя.
Уладзімір Мацкевіч: “Я глыбока перакананы, што ўсё, што людзі робяць рукамі, спачатку ўзнікае ў іх розуме, уяўленні, фантазіі. І ўсё, што з рук чалавечых выходзіць дурнога, кепскага, памылковага – звязана з тым, што людзі робяць памылкі ў мысленні. Усё зло не свеце мае прычынаю пымылку ў мысленні. Таму калі вы хочаце нешта ўпарадкаваць ці палепшыць, зрабіць добрае ў сабе, вакол сябе, там, куды дацягваюцца вашыя рукі – пачынаць трэба з навядзення парадка ва ўласнай галаве”.
Што прыводзіць моладзь у Лятучы Універсітэт, калі тут нават не выдаюць дыплом? Слухачка ЛУ Хрысціна Марчук патлумачыла гэта па-свойму.
Хрысціна Марчук: “Я зразумела, што хачу працягваць сваю адукацыю. І першае, чым пачала цікавіцца – гэта розныя магістарскія праграмы ва ўніверсітэтах Літвы, Польшчы і іншых краін. Але мой лад жыцця пазнаёміў мяне з людзьмі, якія робяць Лятучы Універсітэт. Мне спатрэбіўся даволі працяглы час, каб зразумець, што гэта, і ўвогуле для чаго. Але калі я пыглыбілася ў гэты кантэкст, то зразумела – што вось тое месца, дзе я магу задаволіць сваю патрэбу. Я падумала, што наўрад ці трэба кудысьці ехаць, калі гэтыя людзі, якія могуць табе дапамагчы, ёсць тут у Мінску”.
Здымкі: http://www.facebook.com/groups/Flying.University/
Выкладчык Лятучага Універсітэта мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі раіць увогуле не заганяцца з нагоды таго, даюць ці не даюць дыплом.
Сяргей Харэўскі: “У наш час у нашай краіне, дзе гэтыя дыпломы абясцэніліся цалкам… Дзе людзей з дыпломамі, сапраўднымі і несапраўднамі, і так праз меру – вялікага значэння гэта не мае. Досвед паказавае, што ніводзін, самы прыгожы дыплом не вырашае вашых праблем. Але наведванне Лятучага Універсітэта можа гарантаваць вам, што вы там чаму-небудзь навучыцеся”.
На пытанні пра арганізацыю і формы навучання адказвала “прарэктар па навучальнай працы” Таццяна Вадалажская.
Таццяна Вадалажская: “Ёсць базавыя курсы, каб засвоіць інструменты мыслення і арганізацыі дзейнасці. Ёсць прадметныя тэматычныя ўводзіны ў розныя тэмы і праблемы. Семінары для крытыкі, для абмеркавання, для камунікацыі, распрацоўкі тэмаў і ідэяў. Ёсць школы і майстэрні якія фармуюцца вакол майстра ў гэтай справе, дзе майстар перадае свой досвед вучням. Таксама ёсць публічныя лекцыі і публічныя дыскусіі, летнія школы і арганізацыйна-дзейнасныя гульні”.
Таццяна Вадалажская
Нехта з абітурыентаў спытаўся, як адбываецца адбор і ці ўсіх бяруць.
Таццяна Вадалажская: “Мы ніяк не адбіраем. Бо той узровень, які прапануецца на курсах, семінарах і гэтак далей – гэта такі натуральны адбор. Калі чалавек гатовы працаваць і можа працаваць – ён застаецца. Калі не можа – сыходзіць. Таму ніякіх іспытаў няма, у чалавека мусіць быць магчымасць і моц, каб заставацца”.
Сярод выкладчыкаў гэтага года – філосафы Уладзімір Мацкевіч, Павел Баркоўскі, Ігар Бабкоў, матэматыкі Мікалай Лявонаў і Алена Барадачова, палітолаг Андрэй Казакевіч, адзіная ў Беларусі жанчына – доктарка тэалогіі Ірына Дубянецкая, дызайнер Міхал Анемпадыстаў, праваабаронца Алена Танкачова ды іншыя вядомыя асобы.
Ірына Дубянецкая
Сярод навінак новага навучальнага года – з’яўленне ва ўніверсітэце т’ютараў – старэйшых студэнтаў, якія будуць дапамагаць навічкам.
Таццяна Вадалажская: “Гэта звычайная рэч для заходніх універсітэтаў – калі старэйшыя, тыя хто больш дасведчаны, хто ўжо трошку зразумеў, што і як – можа дапамагчы малодшым ці тым, хто прыйшоў пазней. І паколькі некаторыя з нашых слухачоў даволі грунтоўна ўключыліся ва ўніверсітэцкую справу – яны гатовыя дапамагаць, а мы з радасцю аддаем ім гэтую справу”.
Таццяна Валадажская мяркуе, што Лятучы Універсітэт – гэта ніяк не супрацьпастаўленне традыцыйным навучальным установам.
Таццяна Вадалажская: “Я думаю, што гэта – дапаўненне. Бо тое, што даецца ў звычайных універсітэтах ці нават ініцыятывах кшталту Беларускага Калегіюма – гэта ўсё павінна збірацца ў кожным чалавеку. І разумны чалавек ва ўсіх месцах знойдзе для сябе цікавае і карыснае. Лятучы Універсітэт, магчыма, задае больш сістэмны пагляд на веды і адукацыю”.
На сённяшні дзень лекцыі Лятучага Універсітэта адбываюцца ў Мінску, Магілёве і Брэсце. Патрапіць у лік слухачоў Лятучага Універсітэта можна праз іх сайт – http://fly-uni.org/