Міхаіл: “Мы вазілі не паліва ў Польшчу, а цыгарэты”
Удзельнік стыхійнага мітынгу ў Брузгах расказаў, што людзі гатовыя плаціць мыту за паліва, але патрабавалі зняць абмежаванне на вываз за мяжу цыгарэт.
Абмежаванні па вывазе тавараў з Беларусі за мяжу, якія днямі ўвёў Саўмін, спарадзілі стыхійны мітынг на памежным пераходзе Брузгі каля Гродна. Людзі, якія шмат гадоў жылі за кошт вывазу беларускіх тавараў у Польшчу, пратэставалі супраць страты магчымасці здабываць сабе сродкі існавання.
Як патлумачыў Еўрарадыё адзін з удзельнікаў акцыі Міхаіл, абырыла людзей нават не абмежаванне па колькасці “беспадаткавага вывазу” паліва, а іншае.
Міхаіл: “Усе думалі, што гаворка ідзе толькі пра тое, што з поўным бакам паліва, саляркі можна ехаць за мяжу раз на 5 дзён. Але ўвялі яшчэ нейкія абмежаванні на цыгарэты — толькі 2 пачкі [можна везці]. Але пра гэта ніхто не ведаў. Так, гэта пэўным чынам кантрабанда — для Польшчы. Але сітуацыя такая: увёз ты цыгарэты, там іх у цябе знайшлі — ты заплаціў штраф палякам і ўсё, машыну ў цябе не забіраюць. Нашым жа гады 2-3 у гэтым сэнсе нічога не трэба было, людзі вазілі колькі заўгодна цыгарэт. Па чутках, нічога не ведаючы пра новыя правілы, людзі ехалі і зараз. І ў іх, за тое, што было больш за 2 пачкі, канфіскавалі машыну”.
Менавіта абмежаванні на вываз цыгарэт, а не паліва, і чуткі пра канфіскаваныя аўто выклікалі абурэнне людзей, кажа сведка.
Міхаіл: “Паліва гэтае мы ніколі і не вазілі, гэта бессэнсоўна! І людзі гатовыя плаціць гэтую мыту за паліва, за гэтыя 5-10 літраў. Людзі ў нас цыгарэты возяць, некаторыя зарабляюць гэтым усё жыццё. І вось паміж сабой стэлефанаваліся: “Едзьце на мяжу”. І мы паехалі на мяжу, паставілі машыны, перагарадзілі дарогу, самі сталі і не пускалі машыны, якія ў Польшчу ехалі — ні фуры, ні легкавікі”.
Па словах удзельніка акцыі, людзі патрабавалі размовы са старшынём Гродзенсканга аблвыканкама і адмены абмежаванняў на вываз за мяжу беларускіх тавараў. "Губернатар" Сямён Шапіра да людзей прыехаў. Але размовы не атрымалася.
Міхаіл: “Мне вельмі не спадабалася вось што: ён як толькі прыехаў, нібыта ж з людзьмі гаварыць, але адразу пачаў: “Вы лепш разыходзьцеся, бо шмат хто дахаты не даедзе”. Гэта ўсіх так абурыла — ён толькі прыехаў і адразу пачаў з пагроз! А потым прыехалі два такіх аўтобуса АМАПаўскіх [аўтазакі], АМАП стаў ланцугом і стаў усіх выціскаць. І яшчэ чалавек 10 [удзельнікаў акцыі] у свой бус закінулі. І што з імі — не ведаю”.
Асабліва ўпартых, якія не хацелі адыходзіць пад напорам ланцуга міліцэйскага спецназу, па словах Міхаіла, пачаставалі слёзацёчным газам. Пасля гэтага людзі раз’ехаліся. Але, кажа суразмоўца, настрой у горадзе пануе дрэнны.
Міхаіл: “Людзі крэдытаў панабіралі, іншае і сітуацыя такая, што зараз хоць ты памірай... Бо шмат хто “сядзеў” 20 гадоў на гэтай Польшчы, нідзе не працаваў, ніякай спецыяльнасці не мае. І ісці зараз працаваць на 500 тысяч? Ім, каб пражыць, давядзецца свае кватэры ды машыны прадаваць”.
Таму не выключана, кажа Міхаіл, што калі сітуацыя застанецца без зменаў, то пратэсты ў Гродне працягнуцца.