Міліцыя затрымала праціўніка будаўніцтва дому для спецназа ва Уруччы (фота)
Дзяніс Кобрусеў фатаграфаваў спецназаўцаў, якія выкарчоўвалі дрэвы на месцы будучай будаўнічай пляцоўкі.
Аб здарэнні Еўрарадыё расказаў паплечнік Кобрусева Віктар Янчурэвіч. Актывіста "Еўрапейскай перспектывы" затрымалі каля 9 гадзін раніцы.
Янчурэвіч: “У скверыку выкарчоўваюць маладыя дрэвы. Грузяць іх на машыны і вывозяць. Кобрусеў фатаграфаваў гэта. Да яго падыйшоў міліцыянт і сказаў, што супрацоўнікаў міліцыі фатаграфаваць нельга, папрасіў дакументы. Дакументаў у Дзяніса не аказалася, яго завялі ў сіні мікрааўтобус і павезлі”.
Актывіст “Еўрапейскай перспектывы” таксама расказаў, што спецназаўцы выкарчавалі нават тыя дрэвы, якія былі пасаджаныя падчас нядаўняга суботніка. Усяго знішчана некалькі дзесяткаў саджанцаў і пяцігадовых соснаў.
Нагадаем, што канфлікт паміж жыхарамі мінскага мікрараёна Уручча і будаўнікамі ўзнік некалькі месяцаў таму, калі стала вядома, што раён плануецца “ўшчыльняць”. Паміж ужо існуючых дамоў плануецца пабудаваць яшчэ два новыя і засяліць іх супрацоўнікамі спецназу.