Мошас: Першыя хадакі з Мінска з’явяцца ў ЕС вельмі хутка

Цалкам размова з Аркадзем Мошасам:

mo6es_web.mp3

Еўрарадыё: Назіральнікі АБСЕ скептычна выказваюцца наконт сумленнасці і празрыстасці парламенцкіх выбараў у Беларусі, а кіраўнік Еўрапарламента заявіў, што супрацы з Палатай прадстаўнікоў не будзе. Што гэта можа азначаць для Беларусі?


Аркадзь Мошас: Шчыра кажучы, мала што азначае. Наўрад ці нехта чакаў іншай ацэнкі ад самага пачатку кампаніі. Усё ж зараз не 2010 і нават не 2008 год. Заява Еўрапарламента — гэта пэўны тэхнічны момант. Узаемаадносіны будуць і далей згортвацца. Але гэты працэс ідзе са снежня 2010 года. Зараз мы бачым яго працяг.


Еўрарадыё: Надзея, што выбары будуць прызнаныя, увогуле была? Калі і якую мяжу перайшлі беларускія ўлады, пасля якой непрызнанне стала відавочным?


Аркадзь Мошас: Калі б не было ніякай надзеі і ніякага жадання “тлумачыць сумненні на карысць вінаватага”, то, напэўна, місія б не прыехала. Місія прыехала. Яна спрабавала даць сваю ацэнку на тых фактах, якія бачыць. Што стала апошняй кропляй? Думаю, усё зводзіцца да таго, што прадстаўнікі апазіцыі застаюцца ў зняволенні. На фоне палітзняволеных прызнаваць выбары роўнымі, справядлівымі і свабоднымі з пункту гледжання еўрапейскіх стандартаў немагчыма. Наўрад ці гэта можна звесці да нейкай канкрэтнай падзеі ў нейкі канкрэтны дзень.


Еўрарадыё: Калі б за тыдзень да дня галасавання вызвалілі палітвязняў — гэта паўплывала б на высновы міжнародных назіральнікаў?


Аркадзь Мошас: Не паўплывала б. Не выпадкова АБСЕ любіць дасылаць місіі як мінімум за некалькі тыдняў да пачатку выбараў. Яны адсочваюць увесь ход кампаніі. Калі б нешта здарылася за два дні — прынцыповым чынам гэта ацэнку б не змяніла. Але гэты факт абавязкова патрапіў бы куды-небудзь. І вось тады, не датычна выбараў, а ў агульным кантэксце ўзаемаадносінаў Беларусі і Еўропы, узнікла б нейкая новая рэчаіснасць. Яна не ўзнікла.


Еўрарадыё: Ці адбіліся на ацэнцы назіральнікаў АБСЕ байкотныя настроі і паводзіны апазіцыі?


Аркадзь Мошас: Адзін з фактараў, але не галоўны. Думаю, прадстаўнікі місіі ўбачылі не толькі парадны фасад і не толькі дзеянні апазіцыі прымалі да ўвагі. У іх ёсць сваё ўяўленне, якой была яўка, якая была актыўнасць насельніцтва, чаго грамадзяне чакаюць ці не чакаюць ад гэтых выбараў. Але меркаванне палітычных партый нейкую ролю адыграла. Хаця на іх месцы я б не стаў сабе прыпісваць гэты вынік.


Еўрарадыё: Апроч Беларусі, хапае краін са слабаразвітай дэмакратыяй. Можна назваць і Азербайджан, і тую ж Грузію, ды і ў Расіі апошнія выбары праходзілі досыць складана. Але тыя выбары прызнаюцца, а ў Беларусі — не. Як так?


Аркадзь Мошас: Я гатовы пагадзіцца з тэзісам аб існаванні двайных стандартаў. Гэта рэч вельмі непрыемная. Гэта адна з крыніц слабасці заходняй палітыкі. І мне падаецца, што гэта — чым далей, тым больш — становіцца сур’ёзнай прычынай падзення аўтарытэта АБСЕ. Але ж вінаваціць тут толькі назіральнікаў ці людзей, якія пішуць даклады, не варта. Бо рэальную палітыку ніхто не адмяніў.


Еўрарадыё: Ад вышэйшых чыноўнікаў ЕС ужо гучаць заклікі да распрацоўкі новай стратэгіі адносінаў з Беларуссю. Раней вы наракалі на адсутнасць такой стратэгіі. Можа, зараз з’явіцца?


Аркадзь Мошас: Тэндэнцыя адкату ад дэмакратыі на ўсёй прасторы відавочны. Выбар стаіць так: рабіць з гэтым хоць нешта ці зводзіць усё да мінімальнай супрацы. Да формулы, якая некалі была заяўленая адносна Расіі: мець справы з такой, якая яна ёсць, а не з той, якой яе хоча бачыць Еўрасаюз. Гэта прымяняльна да ўсіх. Але гэта дыскусія пакуль нават не пачалася ў ЕС. Заклікі пра тое, што павінны быць новыя падыходы, — правільныя, але пакуль яны павіслі ў паветры.


Еўрарадыё: Эксперты сцвярджаюць, што Беларусь імкнецца да самаізаляцыі. Да чаго гэты прывядзе ўнутры краіны?


Аркадзь Мошас: Самаізаляцыя ідзе рука ў руку з працэсам узмацнення агульнага ўзроўню рэпрэсій у краіне і грамадстве. Мы гэта бачым не толькі на прыкладзе Беларусі. Гэтыя рэчы па сутнасці ўзаемазвязаныя.


Еўрарадыё: Ці можа ЕС бліжэйшым часам чакаць хадакоў з афіцыйнага Мінска, якія прыйдуць са словамі “прымайце нас такімі, якія мы ёсць”?


Аркадзь Мошас: Хадакі будуць. А што яшчэ больш дакладна — паліва ў Беларусі будуць набываць, а гатэлі ў вашай краіне будаваць. Бо ва ўмовах нашай эканамічнай сітуацыі грошы маюць значэнне. І грашыма можна да пэўнай ступені кампенсаваць падзенне прывабнасці ў іншых сферах. Таму ніякага разрыву эканамічных ці нізкага ўзроўню палітычных адносінаў пакуль не адбудзецца. Але іміджавыя страты будуць — факт. Кошт, які будзе плаціць зараз Беларусь, — доўгатэрміновая страта даверу да гэтай краіны, пагаршэнне інвестыцыйнага клімата. Патрабаванне вызвалення палітзняволеных і фактычнага вяртання сітуацыі на стан 19 снежня 2010 года — у якасці першачарговай умовы любога аднаўлення сур’ёзных палітычных узаемаадносінаў яно захаваецца.

Фота: http://www.fiia.fi

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі