На “мянта” міліцыянты не крыўдзяцца, а вось “мусар” лічаць абразай

120517 Luka6uk Menty.mp3

Аўтару плаката “Мусарок” суддзя Ленінскага раёна сталіцы Міхаіл Хома прызначае 15 сутак арышту. Еўрарадыё даведалася, ці часта зневажаюць міліцыянтаў і што яны насамрэч лічаць абразай.


Малодшы сяржант Вольга ахоўвае парадак на Прывакзальнай плошчы. Гаворыць, што абражаюць бландынку-міліцыянта часта. Часцей, прызнаецца, мацюкамі. А вось калі кажуць “мент” — за абразу не лічыць.


Еўрарадыё: “Часта вас абражаюць падчас нясення службы?”


Малодшы сяржант Вольга: “Часта”.


Еўрарадыё: “А якімі словамі?”


Малодшы сяржант Вольга: “Мацюкамі”.


Еўрарадыё: “Вы лічыце за абразу, калі вас называюць “мянтом”?”


Малодшы сяржант Вольга: “Не лічу. Нас, міліцыянераў, у простанароддзі заўсёды называюць “мянтамі”.


Еўрарадыё: “А вы паміж сабой так кажыце?”


Малодшы сяржант Вольга: “Не, паміж сабой мы сябе так не называем”.


Еўрарадыё: “А вось ёсць яшчэ такое слова, як “мусар”. Гэта — абраза?”


Малодшы сяржант Вольга: “Гэта — абраза”.


Не лічыць абразай слова “мент” і супрацоўнік аднаго са сталічных пунктаў аховы правапарадку. Паводле яго слоў, вельмі часта людзі знаходзяць больш зняважлівыя выразы.


Міліцыянер: “Калі б у мой адрас нешта такога кшталту сказалі ("мент"), я б не ўспрыняў гэта ў якасці абразы. Але розныя людзі сустракаюцца, і абразы не толькі такія, як “мянты”, гучаць на адрас супрацоўнікаў міліцыі. І таму — складаюцца ў такіх выпадках пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні”.


Ад адказу, ці трэба караць “суткамі” за “мусарка”, ухіляецца.


Тое, што здаўна “мент” для міліцыянераў не з’яўляецца абразай, пацвярджае і генерал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб. А “мусар” і ў часы яго службы было абразай.


Мечыслаў Грыб: “У гэтай назве я нічога крыўднага не бачу. Яны нават у сваім асяродку самі ўжываюць гэтую назву. Абразай заўсёды лічылі, калі супрацоўнікаў называлі “мусар”. Вось гэта яны лічылі абразай і ніхто з гэтым не пагаджаўся”.


Пакаранне Івана Амельчанкі пятнаццаццю суткамі Мечыслаў Грыб называе глупствам.

Мечыслаў Грыб: “Калі напісана слова, але да гэтага слова няма ні імя, ні прозвішча, каго гэта тычыцца, то гэта нельга адносіць да канкрэтнага чалавека. Нават — да канкрэтнага супрацоўніка міліцыі. Чаму ён (супрацоўнік міліцыі ў цывільным) гэта аднёс на сваю карысць — там жа не было яго прозвішча напісана?  Можа, там, у накірунку той стрэлачкі, яшчэ нехта стаяў? Можа, там і дворнік быў, які смецце прыбіраў? Не ведаю, які суд за гэта мог асудзіць — гэта глупства!”

На думку генерал-лейтэнанта ў адстаўцы, аўтара плаката можна выклікаць на “тлумачальную” размову да міліцыянераў і гэтым абмежавацца.

Згодная з адстаўным генералам і малодшы сяржант Вольга. Праўда, толькі датычна пакарання. Нешта тлумачыць такім людзям, лічыць, не мае сэнсу.

Еўрарадыё: “Ці трэба за зварот “мусар” у дачыненні да супрацоўніка міліцыі караць штрафам ці “суткамі”?

Малодшы сяржант Вольга: “Не. Калі чалавек не выхаваны, гэта не дапаможа — ён так і будзе надалей называць”.


Нагадаем, на "Чарнобыльскім шляху" Іван Амельчанка зладзіў перфоманс "Мусарок", які выклікаў вялікі рэзананс. У судзе міліцыянт Кандрацьеў, які здымаў шэсце на відэа і патрапіў у кадр разам з Амельчанкам, заявіў, што хлопец сваім плакатам абразіў яго і іншых супрацоўнікаў міліцыі. Суд не звярнуў увагі на тое, што Кандрацьеў быў у цывільным і нішто не выдавала ў ім міліцыянера. А таксама на тое, што, згодна са словамі Амельчанкі, на яго плакаце было напісана не “Мусорок”, а "My cop ok". Што ў перакладзе з ангельскай азначае “Мая міліцыя — добрая”.

Фота: http://fota.bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі