На поўдні Польшчы адбылася чыгуначная катастрофа (фота)
3 сакавіка ўвечары каля горада Заверце сутыкнуліся два пасажырскія цягнікі. Прынамсі, 15 чалавек загінула і каля 60 пацярпелі.
Адзін састаў ішоў з Варшавы ў Кракаў і па незразумелых прычынах апынуўся на іншым пуці, па якім ішоў сустрэчны цягнік з Пшэмысля ў польскую сталіцу. У гэтым раёне ішоў рамонт чыгуначных пуцей, піша партал gazeta.pl. Ратавальнікі працавалі на месцы здарэння ўсю ноч, на месца трагедыі накіраваўся прэм’ер Дональд Туск. А міністр транспарту Польшчы Славамір Новак ужо назваў гэтае сутыкненне цягнікоў “самай сур’ёзнай катастрофай апошніх год”.
Апроч следства, прычыны сур’ёзнага інцыдэнту будзе высвятляць урадавая камісія па чыгуначных катастрофах.