Міліцыя зладзіла хапун на хардкор-канцэрце ў Мінску (АБНОЎЛЕНА)
Імпрэзу ў клубе "6А" гвалтоўна перарвалі. Cёння адбыліся суды над затрыманымі, яны атрымалі суткі адміністрацыйнага арышту і штрафы.
Хаця мінскі клуб "6А" і знаходзіцца на прыстойнай адлегласці ад Кастрычніцкай плошчы, 20 ліпеня падчас канцэрта гуртоў RЕКА, MARATHON, CHALLENGER DEEP, FACE FORWARD і ICE GRILLZ міліцыя зладзіла там сапраўдны хапун! Пра гэта ў эфіры Еўрарадыё распавядае адна з відавочцаў падзеі, Аляксандра.
Аляксандра: “У клубе 6А праходзіў хард-рок-канцэрт, досыць мірна. Раптам уварваліся супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Яны пачалі ганяцца за людзьмі і хапаць усіх без разбору. Ні на якія аргументы, ні на просьбы паказаць пасведчанні, назваць сябе ці сказаць куды вязуць затрыманых, ні на якія пытанні яны не адказалі”.
Еўрарадыё: А якой гадзіне гэта адбылося?
Аляксандра: “Гэта адбылося прыкладна ў 20:45”.
Еўрарадыё: Колькі людзей прыблізна затрымалі?
Аляксандра: “Каля сямі чалавек”.
Еўрарадыё: Гэтыя асобы ў цывільным не прадстаўляліся і нічога не тлумачылі?
Аляксандра: “Так. Яны проста забіралі, калі хтосьці настойваў на тым каб хоць штосьці патлумачыць – яны забіралі і яго таксама.”.
Еўрарадыё: А дзе знаходзіцца клуб "6А" ў Мінску?
Аляксандра: “Гэта Партызанскі праспект”.
Еўрарадыё: Гэта даволі далёка ад Кастрычніцкай плошчы, дзе праходзіла акцыя пратэсту. Можа ўтакім чынам вырашылі дабраць людзей?
Аляксандра: “Магчыма што так і было. Яны казалі нейкія абрывістыя фразы, нібыта хтосьці патэлефанаваў, сказаў, што тут натоўп, і яны прыехалі. Але нічога больш яны не маглі сказаць.
Еўрарадыё: Ці рабілі што-небудзь арганізатары канцэрта ці адміністрацыя клуба каб высветліць сітуацыю?
Аляксандра: “Зараз мы спрабуем высветліць, куды звезлі нашых сяброў. На той момант штосьці пытацца было бессэнсоўна”.
Еўрарадыё: Канцэрт на гэтым скончыўся? Забіралі толькі слухачоў ці таксама музыкаў?
Аляксандра: “Так, канцэрт скончыўся. Забралі аднаго ўдзельніка гурта і аднаго з арганізатараў. І слухачоў”.
***
Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру "Вясна", у Ленінскі РУУС прывезлі найменей 7 чалавек: Яўгена Чарнічэнку, Данілу Цеплякова-Шугалея, Мікіту Перагуда, Аляксандра Упераўца, Яўгена Тарасевіча, Юрыя Рыбянца і Сяргея Баловіна. Нагодай для затрымання, нібыта, стала праверка на алкаголь.
Паводле інфармацыі з сацыяльных сетак, вінавацяць затрыманых у "хуліганстве". Над імі сёння могуць прайсці суды.
Еўрарадыё паразмаўляла ў жывым эфіры з Канстанцінам Чарнічэнкам, бацькам аднаго з затрыманых учора. Гутарку слухайце на плэеры справа ўверсе.
***
Канстанцін Чарнічэнка: У пратаколе напісана, што сын "нецэнзурна лаяўся" і "махаў рукамі", хоць ён у гэты час здымаў на відэа
Еўрарадыё пагаварыла ў жывым эфіры з бацькам аднаго з затрыманых Канстанцінам Чарнічэнкам.
Чарнічэнка: “Майго сына, Яўгена Чарнічэнку, учора затрымалі ў клубе “6А”. Ён пыйшоў туды на канцэрт. Ён сам займаецца музыкай, грае ў адным гурце і часта ходзіць на такія канцэрты”.
Еўрарадыё: Колькі гадоў вашаму сыну?
Чарнічэнка: “Ён непаўнагадовы, яму 16 гадоў”.
Еўрарадыё: Нягледзячы на гэта, яго затрымалі і ён правёў ноч, мы так разумеем, на Акрэсціна?
Чарнічэнка: “Не, ён ноч на Акрэсціна не правёў. Яго затрымалі супрацоўнікі ў цывільным. Ён на свой фотаапарат здымаў, як яны ўварваліся ў клуб. Спрабаваў хаваць фотаапарат і здымаў, мы гэта відэа выклалі ў інтэрнэт. Як высветлілася, гэтыя супрацоўнікі, яны з Ленінскага ГУУС. Яны ўварваліся ў клуб і пачалі хапаць маладога чалавека і справакавалі бойку. На відыа відаць, што гэтага чалавека адбілі. Пасля майго сына затрымалі і сказалі, што, нібыта, за тое, што ён здымае. Яны забралі ў яго фотаапарат, мабільны, але яны нічога не адфарматавалі і таму запіс захаваўся”.
Еўрарадыё: Вашага сына пасля адпусцілі?
Чарнічэнка: “Яго адпусцілі пасля майго прыезду. Ён мне ў 20:40 патэлефанаваў на мабільны тэлефон і сказаў, што знаходзхіцца ў аўтазаку. Адразу яны ў іх не забралі мабільныя. Іх проста закінулі ў "бобік”.
Еўрарадыё: Ці тыя, хто затрымліваў, прадстаўляліся?
Чарнічэнка: “Ніхто не прадстаўляўся, не называў свае прозвішчы. А калі малады чалавек спрабаваў даведацца, па якой прычыне яго затрымліваюць, яму махнулі пасведчаннем і не казалі нічога”.
Еўрарадыё: Усе іншыя затрыманыя былі паўнагадовыя?
Чарнічэнка: “Здаецца, так. Яўгену таксама нічога не казалі. Адразу, як ён мне патэлефанаваў, я патэлефанаваў у 102, паведаміў, што майго сына затрымалі. Стаў пытацца ў супрацоўнікаў міліцыі, куды яго павезлі. Я некалькі разоў тэлефанаваў. У выніку я размаўляу з супрацоўніам Ленінскага РУУС, які пацвердзіў, што сапраўды майго сына разам з іншымі затрыманымі павезлі ў Ленінскі РУУС.
Я адразу выклікаў таксоўку і прыехаў туды. У дзяжурнай частцы мне паведамілі, што ніякіх затрыманых яны не ведаюць. Я ім сказаў, што мой сын непаўнагадовы і яны не маюць права ніякіх следчых дзеянняў над ім праводзіць без маёй прысутнасці. Я там правёў каля 40 хвілінаў. У гэты час пад’ехалі маладыя людзі, дзяўчаты, якія былі на гэтым канцэрце, бо іх сяброў таксама затрымалі. Выйшаў афіцэр у цывільным, не прадстаўляючыся папрасіў пакінуць РУУС.
Я з ім асабіста размаўляў, ён паведаміў, што "там усе былі п’яныя, пілі піва, фактычна сметніца ў гэтым клубе была". Але на відэа відаць, што ў гэтым клубе было, як на звычайным канцэрце”.
Еўрарадыё: Як у вас атрымалася вызваліць сына?
Чарнічэнка: “Я настойваў на тым, каб яны вызвалілі майго сына. Праз нейкі час выйшаў нейкі чалавек, які мяне запрасіў да сябе. Ён, здаецца, інспектар па справах непаўнагадовых і ён складаў пратакол на майго сына. Там у пратаколе напісана, што ён нецэнзурна лаяўся, хоць ён у гэты час здымаў — "махаў рукамі"...
Мой сын сказаў, што ён не супраціўляўся, але і не ішоў у аўтазак — яны яго неслі ў аўтазак. Я гэты пратакол падпісваць адмовіўся. Пры гэтым яны яшчэ хацелі зняць адбіткі пальцаў, хоць ён яшчэ не ваеннабавязаны. Па словах майго сына, яны аказвалі на яго псіхалагічнае ўздзеянне. Казалі яму, што ён абавязаны гэта зрабіць. Запужвалі, казалі, што яны могуць распачаць на яго крымінальную справу”.
Еўрарадыё: У яго ўзялі адбіткі пальцаў?
Чарнічэнка: “Не. Ён адмовіўся без маёй прысутнасці. Калі мяне запрасілі, то я таксама адмовіўся”.
Еўрарадыё: Ноччу ён ужо быў дома?
Чарнічэнка: “Так. У 22:55 яго адпусцілі. Пратакол быў складзены, але я яго не падпісаў. У распісцы, якую я пакінуў, я паказаў усе факты, што мы адмаўляем абвінавачванне. Копію пратакола мне не далі, бо там трэба было распісвацца. Куды накіруюць пратакол, мне не паведамілі. Сказалі, што інфармуюць нас ва ўстаноўленым парадку”.
Еўрарадыё: Сёння вы знаходзіцеся ў судзе?
Чарнічэнка: “Так. Я бачу тут 6 маладых людзей, якіх учора затрымлівалі”.
Еўрарадыё: З якой мэтай вы прыйшлі?
Чарнічэнка: “Я не ведаю на сённяшні дзень, што з пратаколам адміністрацыйнага затрымання майго сына. Мне не сказалі, дзе ён будзе разглядацца. І ніякім чынам да сённяшняга ранку мяне не інфармавалі. Куды я толькі не звяртаўся”.
Фота: blender3d.org.ua
Відэа: youtube.com/user/startegby