Польскі эксперт: Думаеце, еўрапейцаў цікавяць правы чалавека ў Беларусі?

11 снежня ў Варшаўскім універсітэце адбылася канферэнцыя “ЕС у адносінах да Беларусі”. Польскі бок прадстаўлялі эксперты Каміль Клысінскі, Барташ Тэслаўскі і Наталля Рудчык.

Але пачаў сустрэчу беларус Алесь Міхалевіч.

“Колькасць людзей, якія не згаджаюцца з уладай, вельмі-вельмі вялікая. Ёсць гэта эміграцыя. Але найважнейшае слова будзе належыць лукашэнкаўскім элітам. Тым людзям, якія блізка да Лукашэнкі, людзі з тых, хто ў яго адміністрацыі”, — заявіў кандыдат у прэзідэнты Беларусі-2010, дадаўшы, што не бачыць спакойнага выйсця з сістэмы, якую збудаваў Аляксандр Лукашэнка.

На думку Алеся Міхалевіча, ЕС можа падтрымліваць незалежнае грамадства Беларусі: не толькі апазіцыю, але і, напрыклад, незалежныя СМІ. Ды і ўвогуле, калі ЕС стане больш адкрытым для Беларусі, адменіць візы, ніякіх пагрозаў не адчуе, лічыць палітык.

Алесь Міхалевіч: “Калі ўявіць, што ў Беларусі 6,5 мільёна чалавек, якія могуць працаваць нават калі выедзе 1-1,5 мільёна чалавек і нават калі ўсе ў ЕС, не думаю, што яны нешта зменяць на працоўным рынку. Толькі трэба памятаць, што гэта мала каго цікавіць. Можа, у Польшчы так, але ў МЗС Германіі ёсць вялікае жаданне адкрытасці для Беларусі, а вось у нямецкім МУС такога жадання ўжо няма”.

Прадстаўніца Беларускага аб’яднання студэнтаў Польшчы Наталля Рудчык сцвярджае, што нашай краіне патрэбныя еўрапейскія каштоўнасці. І задаецца пытаннем: што Польшча можа зрабіць для свайго ўсходняга суседа?

Наталля Рудчык: “Адукоўваць эліту, экспертаў, якія ў будучыні пяроймуць уладу. Напрыклад, наш Цэнтральны банк мог бы запрасіць вылучанага прадстаўніка беларускай апазіцыі на месячны курс. І так да ўсіх міністэрстваў, дзяржаўных агенцтваў. Маем перавагі, але пакажам вам, як пачаць”.

Увогуле ж неяк рэалізаваць супрацоўніцтва з Беларуссю Польшча ці ЕС не могуць праз пэўную “крыўду на Беларусь”, лічыць рэдактар notabene.org Барташ Тэслаўскі. Яго выпраўляе эксперт Каміль Клысінскі, які кажа, што ў палітыцы нельга казаць пра “крыўду”. Хутчэй гэта расчараванасць еўрапейскіх палітыкаў.

І тут жа канстатуе: шантаж, які раней выкарыстоўваў Лукашэнка (“не дапаможаце, Расія мяне задушыць”) у адносінах з Еўрасаюзам ужо не працуе.

“Мусім знайсці спосаб, як падштурхнуць Аляксандра Лукашэнку, які быў, але ўжо не з’яўляецца, на маю думку, удалым абаронцам беларускай незалежнасці. Яго ўласная індывідуальная незалежнасць супадала з незалежнасцю Беларусі”, — кажа Каміль Клысінскі, закранаючы тэму павелічэння ў Беларусі залежнасці ад Расіі.

І калі ў Польшчы ці Літве выклікае заклапочанасць “расійская пагроза” альбо праблемы з правамі чалавека ў Беларусі, то ў Заходняй Еўропе жывуць іншымі катэгорыямі, — пагаджаюцца Каміль Клысінскі і Барташ Тэслаўскі.

Барташ Тэслаўскі: “Ці, сапраўды, лічыце, што еўрапейцаў, якім зараз пагражае эканамічны крызіс, у якіх праблема з тым, што не могуць купіць сабе новы IPhone, цікавіць, што ў Беларусі парушаюцца правы чалавека? Гэта іх не цікавіць”.

Варта адзначыць, што адным з арганізатараў канферэнцыі быў фонд “Інтэграцыйны мост”, нядаўна зарэгістраваны актывістамі “Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі