Port Mone і ДахаБраха аб’ядналіся ў фантастычны праект

Стваральнікі незвычайнай музыкі – мінскі гурт Port Mone і таямнічая, неверагодная, украінская этна-каманда “ДахаБраха” зліліся ў сумесны праект, ідэёлагамі якога выступілі арганізатары знакамітага фэста мастацтваў “АртПоле”. Менавіта падчас прэзентацыйнага туру сёлетняга “АртПоля” аматары сучаснай музыкі Кіева, Адэсы і Харкава змаглі першымі пачуць вынік сумеснай працы Port Mone і “ДахаБраха”.

ДахаБраха

Па словах лідара Port Mone Аляксея Варсобы, нацыянальны украінскі каларыт і сакральны беларускі акадэмізм даюць цікавы вынік.

Аляксей Варсоба: “Паколькі песня засталася, то гэта больш падобна на “ДахуБраху”, якой яна была, і ў той жа час, ёсць музычныя ідэі, ўласцівыя толькі Port Mone. Атрымалася вельмі цікавае супрацоўніцтва ў плане таго, што два калектывы з цалкам розным падыходам з’ядналіся і стварылі паліфанію з рознымі поглядамі на музыку”.

У планах праекту, кажа Аляксей Варсоба, канцэрты і запіс альбому.

Аляксей Варсоба: “Праект будзе развівацца. На дадзены момант запланаваныя тры выступы – два з якіх у Польшчы, адзін ва Ўкраіне. Мы далей працуем над праграмай. На дадзены момант напісана сем кампазіцый. Я мяркую, што нам трэба напісаць яшчэ пяць, каб атрымаўся паўнавартасны альбом. Запіс альбома таксама адбудзецца”.

Аляксей Варсоба

Прыехаць у Мінск праект Port Mone - ДахаБраха не плануе, хоць Аляксею было б цікава пачуць водгукі пра працу з украінцамі ад беларускіх сяброў. Ды і сольных канцэртаў Port Mone у сталіцы Беларусі не намячаецца: па-першае, лета гурта цалкам распісана фестывалямі, а па-другое, выступіць на Радзіме апошнім часам стала праблематычна.

Аляксей Варсоба: “Я так разумею, што зараз яшчэ больш складана рабіць канцэрты, чым было раней. І мы не настолькі цікавыя, каб нехта рызыкаваў. Маю на ўвазе арганізатараў. Таму, думаю, не хутка нас будзе тут чуваць, на жаль”.

Сам Аляксей Варсоба зараз заняты сваім уласным электронным праектам з этна-гуртом “Акана”. Музыку карціць паспрабаваць сябе ў іншым ключы. А ўвогуле, прызнаецца Варсоба, этна-музыка яго цікавіць не першы год.

Аляксей Варсоба: “Мяне яна заўсёды цікавіла. Калі я пачынаў пошукі, я адразу вызначыўся з тым, дзе корань, і дзе аснова ўсёй астатняй музыкі. Наступнае, што я знайшоў – рытуальная рэлігійная музыка і потым уся астатняя”.

Нагадаем, сёлетняе АртПоле адбудзецца з 12 па 16 ліпеня ў сяле Ўніж, што на Івана-франкоўшчыне.

Фота з канцэртаў праекту ў Адэсе і Кіеве: www.re-mag.com.ua i www.perecrestok.kiev.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі