Прафесар Іван Кулікоў пасля суда вярнуўся на працу ў інстытут “Сосны”

Прафесар Іван Кулікоў, прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта ў 2010 годзе. У студзені яго арыштавалі і асудзілі на пяць гадоў зняволення з адтэрміноўкай выканання прысуду.

Прафесар Іван Кулікоў пасля суда вярнуўся на працу ў інстытут “Сосны” by Euroradio

Цяпер ён па-ранейшаму працуе загадчыкам лабараторыі абсталявання ядзерных энергетычных установак і рэсурсазберагальных тэхналогій Аб'яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў "Сосны" НАН Беларусі. Але праблема ў тым, што неўзабаве заканчваецца тэрмін кантракта, і што будзе пасля, пакуль невядома.

 

Еўрарадыё: Як вашы справы, дзе вы зараз працуеце і чым займаецеся?

 

Кулікоў: “Я працую на тым самым месцы, на той самай пасадзе – загадчыкам лабараторыі абсталявання ядзерных энергетычных установак і рэсурсазберагальных тэхналогій. Калектыў сустрэў мяне вельмі ветліва і з энтузіязмам. Таму пакуль вельмі добра пачуваю сябе. Але ёсць адна праблема, мой кантракт заканчваецца 17 ліпеня і пакуль няма вызначанасці – ці яго падоўжаць”.

 

Еўрарадыё: Патлумачце нашым слухачам, што азначае ваш прысуд на пяць гадоў з адтэрміноўкай на два гады?

 

Кулікоў: “Я атрымаў на рукі копіі прысуду. Гэта азначае, што прысуд вынесены не толькі на 5 год, але і з канфіскацыяй маёмасці і з забаронай права займаць кіруючыя пасады, таксама тэрмінам на 5 гадоў. Але адтэрміноўка мая датычыцца не толькі тэрміну майго адбывання на два гады, але і дадатковых гэтых мераў. Таму фактычна я маю права займаць тую пасаду, на якой я знаходзіўся. Што тычыцца маёмасці – мая маёмасць застаецца арыштаванай на два гады. І далей, пасля двух гадоў, будзе вырашацца гэтае пытанне”.

 

Еўрарадыё: А вы згодныя з такім прысудам, што пракурор меў на ўвазе, кажучы, што вы “налічвалі заробак мёртвым душам”?

 

Кулікоў: “Так не напісана ў прысудзе. Я не прызнаў сваёй віны, і я гэта ўжо казаў, па той частцы, што мне прыпісваюцца пытанні па частцы крадзяжу і па частцы нанясення гэтай шкоды, якая фігуруе ў маім прысудзе ”.

 

Еўрарадыё: Вы звязваеце гэтую крымінальную справу з тым, што вы вырашылі ісці на пасаду прэзідэнта?

 

Кулікоў: “Мяркую, што гэта магло быць не выпадковым, бо справу маглі распачаць яшчэ ў 2008 годзе, калі прыехала першая камісія, прызначаная цяперашнім прэм’ер-міністрам Мясніковічам. Тады гэтыя факты былі вядомыя, у 2008 годзе. Таму ў мяне ёсць падставы меркаваць, што гэта таксама было звязана з тымі падзеямі, якія адбываліся ў Беларусі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі