Саўмін не дазволіў павышэнне тарыфаў на паслугі ЖКГ у ліпені

Савет міністраў не дазволіў падвышэнне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі з 1 ліпеня. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла крыніца ў сістэме сталічнай ЖКГ.

“[Новыя] тарыфы зараз пакуль што не прапусцілі. Месяц таму іх узгаднілі ўсе аблвыканкамы і Мінгарвыканкам. На мінулым тыдні яны былі перададзеныя ў Міністэрства юстыцыі і таксама ўзгодненыя. Але Савет міністраў не прапусціў. Пакуль што не падпісана”.

Нагадаем, паводле антыкрызіснага плана беларускага ўрада, да канца года тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі паднімуцца двойчы. Пры канцы 2011 года беларусы павінныя аплачваць 30% ад агульных выдаткаў на ЖКГ, ці прыкладна ў 2 разы больш, чым сёння.

Суразмоўца Еўрарадыё мяркуе, што рост тарыфаў на ЖКГ будзе прымеркаваны да падвышэння заробкаў, якое таксама прадугледжваецца Дырэктывай № 662.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі