У судзе над Андрэем Пачобутам абвешчаны перапынак да заўтра

12.35. У судзе над Андрэем Пачобутам абвешчаны перапынак да заўтра. А 10-й гадзіне ў пятніцу пачнуцца спрэчкі бакоў.

Адвакаты кажуць, што ўсе хадайніцтвы абароны былі адхіленыя.

12.25. Аксана Пачобут кажа, што ёй удалося пабачыць Андрэя з адлегласці 5 метраў.  

12.05. Каля Ленінскага суда затрымалі сяброўку Саюза палякаў Рэнату Дзем'янчук. Яна трымала ў руках партрэт Андрэя Пачобута, знаходзячыся на перакрыжаванні, дзе праходзіла шмат людзей, праязджалі машыны. Міліцыянты падыйшлі да Рэнаты Дзем'янчук і папярэдзілі, каб нічога не распаўсюджвала, а пасля схапілі і на машыне звезлі ў невядомым кірунку. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў журналіст Ігар Банцар.

11.20. Людзі трымаюць плакаты з партрэтамі Андрэя Пачобута. Усе чакаюць перапынку, калі нарэшце выйдзе адвакат і распавядзе нешта пра ход працэсу.

Распавядае прысутны каля суда журналіст Ігар Банцар:

10.45. Прысутныя каталікі спяваюць рэлігійныя песні. Сёння — каталіцкае свята — Дзень Божага Цела. Яны моляцца за справядлівы суд.

10.30. Сёння сярод людзей у цывільным з відэакамерамі з'явілася жанчына. Таксама ўпершыню прысутных людзей пачалі здымаць з вокнаў суда.

10.15. Каля суда сёння зноў сабраліся дзесяткі людзей — падтрымаць Андрэя Пачобута прыйшлі сваякі, сябры і калегі. "Суд пачаўся, але ніякіх звестак няма", — кажа Аксана Пачобут. Паводле яе слоў, Андрэя яна зноў не змагла пабачыць. Ёй распавялі, што яго вялі ў будынак з апушчанай галавой і з рукамі за спіной.

Аксана Пачобут не выключае, што прысуд можа быць агучаны ў бліжэйшыя дні.

Жонка і сябры Пачобута чакаюць ў заднім двары суда, спадзяючыся пабачыць, як Андрэя будуць весці ў суд.

Генеральнага консула ў Гродне Анджэя Хадкевіча ў будынак суда не пусцілі.

Аксана Пачобут і консул Анджэй Хадкевіч.

***

Пасля таго як пракурор выставіў новыя абвінавачванні, Андрэй Пачобут і бок абароны папрасілі пераносу суду з мэтай азнаямлення з новымі матэрыяламі справы. Працэс працягнецца сёння а 10-й гадзіне раніцы ў судзе Ленінскага раёна Гродна.


17 чэрвеня адвакат Пачобута Аляксандр Бірылаў паведаміў, што па сутнасці абвінавачанне засталося ранейшым. Пракуратура толькі падкарэктавала некаторыя фармулёўкі абвінавачання.


Нагадаем, Андрэя Пачобута абвінавачваюць у абразе і паклёпе на Аляксандра Лукашэнку. Суд над журналістам праходзіць у закрытым рэжыме. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі