Школьнікі сабралі аўто, якое запраўляецца ад разеткі ў 220 V (фота)

Кіраванне самаробным аўто практычна не адрозніваецца ад простай каробкі-аўтамат: дзве педалі, рычаг задняга ходу і ручны тормаз. Машыну абсталявалі нават рамянямі бяспекі ды супрацьугоннай сістэмай блакіроўкі руля. Максімальная хуткасць электрамабіля — 35 кіламетраў у гадзіну. З поўнай зарадкай акумулятараў на ім можна праехаць сто кіламетраў. Харчуецца аўто ад звычайнай электраразеткі!

“Я захапляўся радыёэлектронікай. Займаўся маленькімі машынкамі, якія на пульце радыёкіравання ездзілі. Я падумаў, чаму б не зрабіць такую самую толькі вялікую і на электрычнасці? Канструкцыю я ўжо вывучыў і перанесці гэта ў вялікія памеры не створыць цяжкасцяў”, — расказвае Саша.

Электрамабіль падлетак з двума сябрамі зрабіў за два гады. За гэты час Саша выдаткаваў на вынаходніцтва ўсе ўласныя зберажэнні. Бацькам давялося набыць гараж, каб было дзе збіраць корпус. Самая дарагая дэталь — свінцова-кіслотны акумулятар. Яго спецыяльна прывезлі з Нямеччыны. Астатняе знайшлося ў гаражах сяброў, на аўкцыёнах, у крамах і нават на сметніках. Агулам электрамабіль абышоўся прыкладна ў 8 мільёнаў беларускіх рублёў, што па сённяшнім курсе, не складае і тысячы долараў. Корпус аўто хлопцы зрабілі са шклотканіны, пашпаклявалі і пафарбавалі ў белы колер паводле ўласнага эскіза.

“Усё цалкам нашае. Чагосьці там з “Аўдзі” ці “Паршэ” тут не было. Хацелася зрабіць што-небудзь цікавае, арыгінальнае, у меру спартовае, але неагрэсіўнае. Усё ж электрамабіль — сябра прыроды. Тры колы — такой кампаноўкі я не сустракаў. Складана было, каб яна добра выглядала з абодвух бакоў. Калі яшчэ ў яе ўкласці і купіць добрыя колы, то электрамабіль будзе ўвогуле гарманічна глядзецца”, — тлумачыць малады аўтадызайнер Дзіма.

Цяпер з праектам сваёй самаробнай машыны Саша выступае на па-за школьных канферэнцыях. Падлічыўшы экалагічныя і эканамічныя выгоды, хлопец усур’ёз задумаўся пра перспектывы транспарту на электрычнасці.

“Калі ўсе машыны ў Беларусі стануць электрамабілямі і калі энэргію для іх будуць выпрацоўваць толькі вугальныя электрастанцыі — самыя неэкалагічныя — то забруджванніяў CO₂ будзе ў два разы менш. А калі выкарыстоўваць альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі, то гэты варыянт будзе ўвогуле бясспрэчны!”, — падсумоўвае Саша.

Яго ніколькі не засмучае, што ў беларускіх правілах дарожнага руху электрамабіляў на трох колах не значыцца. З сябрамі ён ужо падрыхтаваў праект матацыкла. Рухавік будзе мацнейшым, хуткасць — больш за 80 кіламетраў у гадзіну, замест паліва — электрычнасць. Таленавіты школьнік спадзяецца, што на гэтым транспартным сродку ездзіць па агульных дарогах ў яго атрымаецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі