Студэнты БНТУ засталіся без вады: “Можам з’ездзіць памыцца да вас”
З-за аварыі ў сталічным мікрараёне Уручча з кранаў цячэ толькі халодная вада. А ў інтэрнатах БНТУ няма ніякай, ваду прывозяць грузавікамі.
У панядзелак 15 кастрычніка камунальнікі са ЖРЭА Першамайскага раёна Мінска былі падняты на сігнал “трывога”: дзесьці на тэрыторыі прарвала трубы. Знікла ацяпленне і гарачая вада.
Дыспетчарскія тэлефоны ў ЖЭСах разрываліся ад абурэнняў людзей, якія раніцай мусілі маржавацца ў душах ці ехаць на працу нямытымі. А ў інтэрнатах за 15-м корпусам БНТУ вада знікла ўвогуле: душ пасля трэніроўкі не прыняць, бялізну не памыць, у прыбіральні не змыць і нават гарбатай не сагрэцца. Кіраўніцтва інтэрнатаў зрэагавала на сітуацыю: з раніцы аўторка студэнтаў абслугоўваюць грузавікі, з цыстэрнамі “Вада” і “Пітная вада”.
"Учора ўвечары мы прыйшлі з заняткаў — вады ўжо не было: ні халоднай, ні гарачай. Толькі калі спусціліся ўніз, даведаліся, што прарвала трубы і вады не будзе", — распавядаюць студэнткі з інтэрната БНТУ №17.
Еўрарадыё: А ў душ вы куды ходзіце?
Студэнткі: А нікуды. Можам з’ездзіць да вас памыцца.
Студэнты набіраюць ваду ў тазікі, пяцілітровыя бутлі і пластыкавыя бутэлькі з-пад ліманаду. Чарга заканчваецца толькі тады, калі з цыстэрнаў высмоктваецца ўся вада. А з-за іншых рамонтных работ у сераду ў інтэрнатах могуць часова адключыць і электрычнасць.
Здрадніцкі прарыў труб здарыўся непадалёк ад Музея камянёў, што ва Уруччы. У ЖРЭА Першамайскага раёна праблему абяцаюць вырашыць да вечара аўторка:
“Была аварыя, зараз гарачай вадой запаўняюць трасу”.
“Гэта прарыў у горадзе. Як тлумачаць інжынеры, шукалі яго доўга, — распавядае Еўрарадыё загадчыца інтэрната №17 Тамара Лазарэвіч. — Сказалі, цягам некалькіх гадзін вада з’явіцца”.
На момант выхаду матэрыялу вада ў інтэрнаце так і не з’явілася.