Сваякі — пра Астапчук: “Надзея сказала, што не будзе апускацца наніз”

Абмеркаванне тэрмінаў дыскваліфікацыі Надзеі Астапчук дагэтуль не завершана. Хоць Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацый (IAAF) абяцала вынесці сваё рашэнне каля тыдня таму.

Беларускія спартовыя чыноўнікі ўжо прапанавалі свае тэрміны дыскваліфікацыі: год для спартсменкі, чатыры — для трэнера Яфімава.

Гэтыя лічбы былі названы на падставе сумеснай антыдопінгавай дысцыплінарнай камісіі і Федэрацыі лёгкай атлетыкі Беларусі, — тлумачыць дырэктар Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва Аляксандр Ванхадла. — І гэтыя лічбы павінны быць узгоднены ў бюро Міжнароднай федэрацыі”.

Замежныя чыноўнікі азнаёміліся з дакументамі беларускіх калег ужо месяц таму. Тым не менш канчатковае рашэнне дагэтуль не вынесена. 

“Разгляд гэтага выпадку яшчэ не скончаны. Выпадак яшчэ не падсумаваны”, — каментуе Еўрарадыё прэс-сакратар Міжнароднай федэрацыі Яніс Нікалаоу.

Пытанне па дыскваліфікацыі зацягнулася з невядомых пакуль прычын. Можа быць, у IAAF знайшлі новыя факты датычнасці ці недатычнасці Астапчук да прыняцця допінгу?

Дагэтуль не зразумелыя дакладныя матывы, чаму атлетка прымала метэналон. Штурхаць далёка яна магла і “чыстай”, што паказвалі яе перадалімпійскія міжнародныя старты. Правяраць яе ў Лондане мусілі ў любым выпадку, пра гэта ўсе ведалі.

Можа быць, допінг своечасова не вывелі з арганізму? Ці сапраўды прэпарат нейкім чынам уводзілі без ведама Надзеі Астапчук?

Аргументы трэнера, які нібыта сам падсыпаў разавую дозу метэналону ў каву сваёй вучаніцы, яскрава абвяргае наша журналісцкае расследаванне.

Усю праўду сёння можа распавесці толькі сама Надзея і яе трэнер Яфімаў. А яны маўчаць. Атлетка не адказвае нават на тэлефанаванні найбліжэйшых сваякоў. 

“Вы ведаеце, пасля таго, як гэта здарылася, я да яе тэлефаную, а яна трубку не падымае”, — распавядае Ніна Колбік, цётка спартсменкі з вёскі Малыя Арлы, што на Століншчыне. 

Размаўляе Надзея толькі з бацькам Мікалаем Васільевічам, які таксама не адказвае на тэлефанаванні з незнаёмых нумароў.

ciotka_2.mp3

“Апошнім часам яна кантактавала з татам, — працягвае Ніна Колбік. — Казала тое самае, што і вам: “Я не ведаю, як гэта здарылася”. Калі бацька пачуў пра гэта, то быў ніякі. Ён пытаўся, што здарылася. Яна сказала: “Я не ведаю, я гэтага нічога не прымала”. Вось так бацьку сказала”.

Паводле слоў цёці Ніны Кузьмінічны, Надзея Астапчук “трымаецца” і супакойвае сваякоў наконт свайго маральнага стану.

ciotka_3.mp3

Ніна Колбік: “Я буду трымацца”. Вось так сказала. “Апускацца наніз не буду, буду даваць рады, буду трымаць сябе ў руках”. Што б ні здарылася, мы ёй ганарымся”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі