"Там трэба за рыдлёўку распісацца? Чыркані тры разы”

Пачатак суботніка па ўборцы снегу, абвешчанага гарадскімі ўладамі, запланаваны на 10-ю гадзіну. Іду да будынка Мінгарвыканкама. Але там пуста. Групу людзей, якія займаюцца невядома чым, заўважаю на вуліцы Кірава ля… казіно. Мяне сустракае дагледжанага выгляду жанчына ў густоўным чырвоным паліто: “Вы на суботнік? Журналіст? А дзе камера? Працаваць хочаце? Разам з намі??? Ну тады чакайце. Рыдлёўкі яшчэ не прывезлі”.

Рыдлёўкі чакаем хвілін 15. Прыглядаюся да людзей: частка ў кажухах і вузканосых туфлях, з партфелямі. Некаторыя дзяўчаты нават на абцасах. Іншыя падрыхтаваліся лепш — прыйшлі ў спартовых касцюмах. Жартуюць пра казіно. Маўляў, зараз мы тут усё падчысцім. Нейкі салідны мужчына (пазней даведваюся, што ён з Упраўлення жыллёвай палітыкі) не можа зразумець, чаму чыноўнікаў вывелі чысціць снег ля казіно, а не ля Мінгарвыканкама. “Будзем стаяць, пакуль усё не зробім”, — зласловяць іншыя.

Размовы спыняе з’яўленне “Газэлі” камунальнікаў — прывезлі рыдлёўкі. Ля яе мітусіцца жвавая невялічкая жанчына са спісам. Заклікае разбіраць рыдлёўкі, пальчаткі і абяцае ўсім гарачую гарбату ў выглядзе бонуса. Мне, як і яшчэ дзясятку ўдзельнікаў суботніка, рыдлёвак не хапае. Таму атрымоўваем загад ісці на вуліцу Ульянаўскую, дзе прыладаў працы больш. Разам з намі туды гоняць усіх астатніх — ідэя прыбіраць снег ля казіно брагадзірцы не спадабалася.

На запаветным месцы насамрэч бачу цэлы фургончык рыдлёвак — усе новыя, бляшаныя, некаторыя нават блішчаць. У маёй дзяржанне яшчэ нават не да канца адпаліраванае і са смалой, што пазней добра адчую на ўласнай скуры — пальчатак не хапіла і гадзіна працы каштуе мне садранай на руках скуры і пары мазоляў.

Самае цікавае пачынаецца, калі прыкладна сотня чалавек узбройваецца рыдлёўкамі і чакае распараджэнняў. Што рабіць — мала хто ўяўляе. На вуліцы Ульянаўскай асаблівай катастрофы са снегам няма. У дадатак працуе адразу некалькі трактароў. З праблемай спраўляецца усё тая ж брыгадзірка са спісам: пасля кароткай сваркі трактары камунальнікаў з’язджаюць, вызваляючы людзям поле для дзейнасці. Мы выстройваемся ўздоўж вуліцы і саскрабаем снег з ходнікаў на праезную частку, проста пад колы машынам. Кіроўцы незадаволена гудзяць, пасажыры трамваяў, што едуць міма, фатаграфуюць незвычайнае відовішча на мабільнікі.

Большую частку суботніка мы ходзім па вуліцах шукаючы снег.

Снегу на вуліцы Ульянаўскай нам хапае на хвілін дзесяць. Пасля чаго ідзем амаль да Адміністрацыі кіраўніка краіны — паводле аператыўных дадзеных там ёсць непрыбраныя ўчасткі.

“Ідзём, ідзём — там у нас запланаваная гарбата. Хутчэй!” — агітуе нас брыгадзірка. Кіруючыся абяцаннямі пачастунку, прыходзім на скрыжаванне Ульянаўскай і Энгельса. Снегу тут яшчэ менш, чым было напачатку. За калонай людзей у кажухах і з рыдлёўкамі са шчырай цікаўнасцю назірае група дворнікаў — яны тут зграбалі снег ад самай раніцы. Але не бяды, было б жаданне — праца знойдзецца. Станаўлюся побач з групай жанчын — яны ўжо ў суботніку наўдзельнічаліся, абмяркоўваюць перанос працоўнага дня на суботу і хатнія справы.

“Малады чалавек, вазьміце мае пальчаткі, я ўжо не працую”, — пабачыўшы кроў на маёй далоні, тузае за рукаў адна з іх.

Праблемы не толькі ў мяне. Адзін спартовага выгляду чыноўнік так шчыраваў у змаганні са снегам, што зламаў дзяржанне сваёй рыдлёўкі. Іншай няма, прыходзіцца нахіляцца ў тры пагібелі. Так працуем яшчэ хвілін дваццаць, пакуль па шэрагу не праносіцца пагалоска: “Ідзем наверх, да Адміністрацыі, там гарбата”. Але наверсе гарбаты не бачу. Замест гарачага і такога жаданага напою на вочы трапляе мікрааўтобус, дзе сядзяць дзве жанчыны з даўжэзным спісам.

“Там трэба за рыдлёўку распісацца? Чыркані тры разы за Аддзел гарадской гаспадаркі… Не, там за тэхніку бяспекі. Ну, чыркані за тэхніку бяспекі тады”, — мае калегі па суботніку відавочна ўдзельнічаюць у падобным мерапрыемстве не ўпершыню.

Чыркануўшы, людзі ідуць у бок школы — там гарачы абед і гарбата. Жвавая брыгадзірка тым часам некуды тэлефануе, шукаючы новыя ўчасткі для працы. За некалькі гадзін удзелу ў суботніку ўборкай снегу з ходнікаў я займаўся ад сілы 30 хвілін.

Так выглядае двор Мінгарвыканкама. Суботнік тут бы не зашкодзіў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі