Ці была дзяўчына пад заваламі ў метро, калі Лукашэнка ўскладаў кветкі?

На наступны дзень пасля выбуху ў мінскім метро у інтэрнэце з'явілася інфармацыя пра дзяўчыну, якая нібыта ляжала пад заваламі, калі Лукашэнка ўскладаў кветкі, і знайшлі яе толькі позна ўвечары пасля 23 гадзіны.

Марына Шубіч, студэнтка 5 курса БДЭУ, зараз знаходзіцца ў 3-й гарадской клінічнай лякарні. Карэспандэнт Еўрарадыё накіраваўся да загадчыцы прыёмнага аддзялення бальніцы, каб даведацца, а якой гадзіне дзяўчыну прывезлі на хуткай.

"Доктар піша 18:25 - 18:30. Усе яны пачалі прыязджаць першыя ў 18:10, потым у 18:20, у 18:45. Напэўна, апошні дзесьці ў 19:20", — паказвае журнал з запісамі загадчыца аддзялення.

Увогуле ўсіх прывезлі вельмі хутка. На працягу гадзіны у бальніцы былі ўсе ўрачы.

"Усе прыйшлі на дапамогу, з дому ляцелі ўсе медыкі сюды, як толькі пачулі. У мяне адзін павінен дзяжурыць ўрач тэрапеўт, а было разам са мной, атрымліваецца, чатыры. Два лекары прыляцелі з хаты. Хірургаў было 17, напэўна, замест трох дзяжурных".

Галоўны доктар клінікі Уладзімір Комар кажа, што інфармацыя пра дзяўчыну — хлусня.

"Гэта няпраўда. Гэта ўсе пацвярджаюць факты. Пачынаючы ад суправаджальнага ліста хуткай дапамогі, ад фіксаванага выкліку самой хуткай дапамогі да паступлення да нас ў прыёмны пакой і да моманту пачатку аперацыі, усё дакументальна пацверджана. Тое, што распаўсюджаная нейкая хлуслівая інфармацыя, — яна не адпавядае рэчаіснасці".

Дзяўчына прыбыла ў лякарню ў вельмі цяжкім стане з чэрапна-мазгавой траўмай, пераломам нагі і шматлікімі раненнямі. Але зараз, згодна са словамі медыка, пагрозы для яе жыцця няма.

"Яна знаходзіцца ў аддзяленні рэанімацыі. Стан яе кампенсаваны. Так, яна атрымала вельмі цяжкую траўму. Яна знаходзілася недалёка ад эпіцэнтра выбуху. Ёй праводзіцца лячэнне і на сённяшні дзень пагроза для жыцця ўжо абмінула. Яна ў свядомасці. Яна з пэўнай доляй крытыкі ставіцца да свайго стану. Яна ў свядомасці, размаўляе, ніякіх пытанняў на дадзены момант няма".

Фота: БелТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі