"Галоўны герой бесіць". Адгадаеце беларускую кнігу па водгуку на яе?

Здагадаецеся, каму з беларускіх пісьменнікаў удалося атрымаць добры водгук у інтэрнэце?

Здагадаецеся, каму з беларускіх пісьменнікаў удалося атрымаць добры водгук у інтэрнэце? / @rubanau_collage

Мы пачыталі, якія водгукі пішуць у інтэрнэце пра кнігі беларускіх класікаў. Паспрабуеце адгадаць раман па водгуках чытачоў? Мы прапануем вам прачытаць тры кароткія рэцэнзіі — а вы паспрабуйце адгадаць, пра які сюжэт гаворка. Тэст не для слабакоў, а толькі для профі ў беларускай літаратуры.

 

"Галоўнаму герою ўсё не тое"

"Адштурхнуў сам галоўны герой. Пакуль чытала, у галаве круцілася прыпеўка "а я харошанькі адзін сярод прыдуркаў". Не, ну праўда, яму ўсё не тое і не так: і надвор'е вечна кепскае, то дождж, то золь, то холадна, то вецер, то яшчэ што.

Сам ён рэальна "Марці Сью": і кулі ў яго не трапляюць (хіба што па датычнай ледзь-ледзь, і тое чыста для выгляду), і ў патрэбны час ён аказваецца ў патрэбным месцы, і чуе патрэбныя рэчы (бо злыдні ўсе ідыёты, як на падбор).

Шчыра кажучы, не чакала ад гэтай кнігі такога ўражання”.

***
Спадабалася ўсё: і сюжэт і яго развіццё, і інтрыга, і героі. Чым далей чытала, тым больш хацелася даведацца, якім чынам раскрыецца таямніца. Дэтэктыўны складнік таксама на вышыні. Фільм вельмі далёкі ад кнігі".

***
"Кніга, пра якую сёння раскажу... дыхае. У яе б'ецца сэрца, і гэтае біццё выразна чуваць. Адчуваецца ў паветры таямнічы водар пылу старажытных кніг. У гэтай кнізе я знайшла адчуванне містычных дрыжыкаў і душэўнага трапятання".

Правільны адказ: ва ўсіх гэтых водгуках гаворка пра культавы раман Уладзіміра Караткевіча "Дзікае паляванне караля Стаха". Камусьці гэты раман нагадае "Сабаку Баскервіляў" сэра Артура Конана Дойла, а хтосьці ў рамане "Ноч" Віктара Марціновіча ўбачыць адсылкі да Караткевіча.

Ты можаш стаць найвялікшым аўтарам беларускай літаратуры і напісаць культавы раман, але ў інтэрнэце ўсё роўна напішуць, што твой галоўны герой бесіць.

 

"Цалкам можна і прачытаць"

"Чытала я яшчэ даўно. Шмат пісаць не буду. Чытаецца вельмі нудна, шмат чаго лішняга, а так калі вам не шкада выдаткаваць свой час на гэта, то цалкам можна і прачытаць".

* * *

"Кніга паслядоўна расказвае пра працу беларуса, яго радасць, Святы, перажыванні і турботы ў мінулым стагоддзі. Галоўная праблема мінулага і сучаснасці — свая зямля. Так і ёсць: хто мае ўласную зямлю, таму не трэба баяцца ні эканамічнага крызісу, ні беспрацоўя. А ці з'явіцца ў беларуса права на сваю зямлю? Хто ведае...”

***
"Стараешся, марыш, збіраеш грошы, каб вырвацца на волю, здабыць новую, сваю, зямлю, але раптам лёд пад табой расколецца, і, як той воўк, саслізнеш у расколіну і знойдзеш спакой у ледзяных абыякавых водах. Вельмі моцна перададзеная гэтая прага свабоды і адчуванне асуджанасці. Акрамя таго, вельмі багатая і прыгожая мова самога твора, чытаць яго — літаратурнае задавальненне".

Правільны адказ: "Новая зямля" Якуба Коласа. Галоўныя героі шмат у чым спісаныя з яго бацькоў і з самога Коласа. Мы назіраем за спробамі сям'і атрымаць у валоданне кавалак зямлі, каб больш ніколі і ні ад кога не залежаць. Не будзем спойлерыць, чым усё скончылася, але тым, хто не любіць сумных фіналаў, будзе балюча. Або, як пішуць у водгуках — будзе "шкло" (гэта калі вееельмі балюча).


"Будзеце смяяцца ўголас"

“Гэты твор абавязкова трэба вывучаць у школе, таму што ён з’яўляецца добрай прышчэпкай ад дурасці і тупасці бюракратаў. Дзякуй табе, аўтар! Твае пакуты нашчадкі не забудуць”.

* * *
“Гумарыстычная рэч, для людзей з пачуццём гумару! Забаронена чытаць тым, у каго яно адсутнічае, гэта ўжо каштавала аўтару жыцця”.

Правільны адказ: "Запіскі Самсона Самасуя", Андрэй Мрый. У пачатку ХХ стагоддзя Мрый так высмеяў бюракратыю, што мы рагочам над яго тэкстам да гэтага часу. Без жартаў, такому тэксту любы сучасны стэндапер пазайздросціць.

"Запіскі" напісаныя ад асобы кіраўніка культаддзела райвыканкама Самсона Самасуя. Ён не вельмі кампетэнтны, затое вельмі актыўны. Самасуй спрабуе ў самыя кароткія тэрміны падняць у раёне ўзровень культуры. Савецкія крытыкі сказалі, што гэта "злосны пасквіль на савецкую рэчаіснасць". Праз стагоддзе актуальнасць ўсё тая ж.

Самога Мрыя арыштавалі ў Мінску ў 1934 годзе і асудзілі як "сябра антысавецкай контррэвалюцыйнай арганізацыі" і па падазрэнні ў шпіянажы. Ён прайшоў высылку і лагер, і памёр у 1943 годзе.


"Рваныя запіскі даўншыфтара"

“Яшчэ ніводная кніга не пакідала пасля сябе такія падвойныя пачуцці. З аднаго боку, яна добра грае на нашай беларускай самаідэнтыфікацыі, на настальгіі па вёсцы і каранях. Тэмы, якія падымаюцца, вельмі розныя: адзіноцтва, род, Чарнобыль, побыт і г.д., і г.д. Але калі прыбраць эмоцыі, што застанецца? Рваныя запісы даўншыфтара, які прыехаў на дзедава селішча “шукаць сябе”.

* * *
“Гэтая кніга абавязковая да чытання кожным чалавекам нашага ХХІ стагоддзя, людзям спешкі, таскаў і крэдытаў. Перачытваў ужо не раз! Брава!!!”

* * *
“Такая ўтульная кніга! Мая маці з Палесся, і я так захацела ў нашу вёску... Дзякуй вялікі! Мова вельмі зразумелая, і было цікава знайсці яшчэ нейкія новыя словы для сябе”.


Правільны адказ: "Радзіва Прудок" Андрэя Горвата. Журналіст, дворнік Купалаўскага тэатра, "дармаед" і пісьменнік — так кажа пра сябе сам аўтар. Горват пісаў свае дзённікі, калі ў пэўны момант жыцця з'ехаў у дзедаву хату на Палессі. І напісаў, як аднавіць дом, пасадзіць агарод, як даіць казу і наогул як жыць у вёсцы.

Ну хоць хтосьці змог дагадзіць інтэрнэту.

Хаця — нават ён дагадзіў не ўсяму інтэрнэту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі