У брэсцкага каардынатара руху "За Свабоду!" прабілі колы ў машыне (фота)

Аўтамабіль быў прыпаркаваны каля дома актывіста. Спушчаныя колы выявіў яго брат Канстанцін прыкладна ў 23.30. Яго насцярожыла, што па ўсёй вуліцы не гарэла святло, а ад машыны хутка адыходзіў нейкі мужчына. Той уцёк на аўтамабілі, які чакаў яго непадалёк.    

Дзяніс Турчаняк у каментарыі Еўрарадыё заявіў, што лічыць гэта помстай за сваю актыўнасць ў выбарчай кампаніі.

Турчаняк: "Я звязваю гэта са сваёй дзейнасцю ў якасці даверанай асобы кандыдата Аляксандра Мельніка. Мы актывізаваліся і з назіральніцтвам, і з падачаю скаргаў. Я лічу, што ўчынак накіраваны на тое, каб нейтралізаваць маё перамяшчэнне па горадзе. Магчыма, будуць і якія-небудзь іншыя правакацыі — напрыклад, затрыманні. Пакуль распачалі з таго, што прабілі шыны майго аўтамабіля".

Па словах грамадскага актывіста, ён ужо звярнуўся ў міліцыю. Брат Косця паспеў запомніць нумар аўтамабіля, на якім з'ехаў невядомы. Праваахоўнікі абвясцілі транспарт верагодных правакатараў у вышук.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі