У Вязынцы будуць гукаць вясну

23 сакавіка ў Вязынцы адбудзецца традыцыйнае Гуканне вясны. Арганізатары імпрэзы — Студэнцкае этнаграфічнае таварыства і Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы — запрашаюць усіх аматараў беларускай культуры далучыцца да свята.

“Галоўнае сёлета — вельмі цёпла апрануцца. Таму што сёння зранку тут было -25, — дае парады арганізатарка Ганна Сілівончык, якую Еўрарадыё застала акурат у Вязынцы. — Для ўдзелу галоўнае мець добры настрой, узяць сяброў і тэрмас абавязкова. Можна дома напекчы бліноў. Канешне ж, вітаюцца строі, калі яны ёсць. Якія-небудзь каляровыя рэчы. Можна браць дзяцей, можна браць пледзікі, музычныя інструменты, санкі, мяркую, будуць актуальныя. І, калі будзе жаданне, зрабіць птушкі на дрэвы ці стужкі каляровыя павесіць”.

У межах Гукання вясны ўдзельнікаў чакаюць традыцыйныя спевы, веснавыя карагоды, гульні, танцы і невялікі кірмашык рамёстваў. У свяце бяруць удзел гурты "Паўночная Сухадроўка", "Княжыч", "Варган", "Горынь", Guda, "Кудмень", Dainava і іншыя. Арганізатары нагадваюць, што на свяце не бывае гледачоў і выступоўцаў. Тут усе ўдзельнікі.

Гуканне вясны — традыцыйнае беларускае свята. Падчас яго на ўзгорках ці на берагах рэк збіраюцца дзяўчаты і гучнымі, высокімі галасамі спяваюць вяснянкі, тым самым правакуючы набліжэнне вясны. Свята пачнецца ў 13.00.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі