Выпускнікі з міжнародных адносінаў працуюць лабарантамі за 2 мільёны

"Міжнародныя адносіны, сусветная эканоміка — верагодна, буду працаваць на сур'ёзнай пасадзе, разбірацца ў працэсах, якія адбываюцца ў сусветнай эканоміцы, аналізаваць. Пра заробак асабліва не думаю. Але спадзяюся, што заробак будзе прапарцыйны прахадному балу. Можа тысячы дзве-тры долараў, ужо пасля кар'ернага росту", — расказвае Кацярына Несан.

Кацярына паступіла на бюджэт, з трох тэстаў і атэстата набірае 397 балаў, і гэта рэкорд па БДУ.

Выпускніца факультэта міжнародных адносін Васіліна скончыла БДУ па спецыяльнасці "культуралогія". Працуе ў прыватнай фірме менеджарам па персанале за 2,5 мільёна ў месяц і… шукае іншую працу.

Васіліна: "У нас было мала заявак на размеркаванне, таму заяўкі мы прыносілі самі. Я размяркоўвалася менеджарам па персанале ў прыватную фірму".

Цяпер Васіліна хоча падацца ў рэкламу, бо цікавей.

Таксама выпускнік факультэта міжнародных адносін Аляксандра першы дзень прыходзіць на працу ў Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі. Працуе... лабарантам.

"Я патрапіла сюды на пераддыпломную практыку, мне спадабалася. Ведала, што буду шукаць нешта іншае, але тут мяне, калі што, прымуць", — расказвае Аляксандра.

У месяц ёй абяцалі каля 2 мільёнаў. Малавата для выпускніцы аднаго з самых прэстыжных факультэтаў.

Выпускніца ФМА БДУ Жэня з дыпломам культуролага, даследчыка і выкладчыка працуе ў консульстве Кіпра. Пашанцавала! Праўда, не паводле размеркавання — працу знайшла сама.

"Шмат выпускнікоў сядзяць без працы ці ідуць працаваць адміністратарамі, калі быў досвед працы, хостэсамі ў рэстараны, у гасцінічны бізнэс", — тлумачыць Жэня.

На дыппасадзе зарабляе каля 300 долараў. Не вельмі і шмат…

Лінгвіст і перакладчык Крысціна пасля факультэта міжнародных адносінаў размеркаванне знаходзіць сама. Як і астатнія 18 выпускнікоў, расказвае дзяўчына.

"Прыйшлі толькі 3 заяўкі. З Мінску не было ніводнай. Таму шукалі самі. Я ўладкавалася ў "Белаграпрамбанк". У прынцыпе, па спецыяльнасці. Астатнія знаходзілі працу ў прыватных фірмах. А так… складна было знайсці", — кажа Крысціна.

Дзіўна, што выпускнікоў з факультэта, дзе прахадны бал не менш за 330 па ўсіх спецыяльнасцях, марудна бяруць на працу. Вось і ў Міністэрстве эканомікі не прыгадваюць, каб да іх ішлі выпускнікі з "сусветнай эканомікі" міжнародных адносінаў. А прахадны бал там сёлета — 366.

Фота: intex-press.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі