Заробак 5-6 мільёнаў рублёў для будаўнікоў — гэта мінімум

121022_savi4_stroika.mp3

Міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна атрымала скаргу ад кіраўніка будаўнічай фірмы: маўляў, за 6 мільёнаў рублёў ніхто працаваць не хоча! І сапраўды, 30-гадовы сталічны будаўнік Сяргей з такім заробкам не згодны:

“Зараз 6 мільёнаў для будаўніка з яго ўмовамі працы — гэта вельмі нізка! Уявіце сабе, будаўнік працуе на 15-м паверсе дома, дождж, вецер, што заўгодна! А той, хто сядзіць за камп'ютарам, атрымлівае ўдвая больш. І праз год ён купіць кватэру ў гэтым доме, што я пабудаваў. Хай набіраюць за такія грошы студэнтаў, якія сарвуць сабе спіну. Іх проста выкарыстоўваюць як рабсілу!”

Сяргей мае станоўчы і адмоўны вопыт заробкаў у Расіі, калі яго проста кінулі на грошы. Але будаўнік упэўнены, што ў Беларусі зараз людзі яго прафессіі павінны зарабляць, як у Расіі.

“Кошты жылля ў Мінску і пад Масквой амаль аднолькавыя! А ў Беларусі рэальна плацяць менш! Мы краіна трэцяга свету! У нас у любым выпадку не цэняцца працаўнікі". 

Паводле слоў будаўніка, яго знаёмыя муляры атрымліваюць у Маскве 3,5 тысячы долараў у месяц.

"Ён там можа працаваць паўгода і тут арганізаваць сабе адпачынак, бо тут і за два гады такія грошы не заробіць".

Адкрываю сайты вакансій. Будаўнікі розных калібраў — тут самыя запатрабаваныя прафесіі. Цэннік для рознарабочых пачынаецца ад 2,5 мільёна рублёў у месяц.

“У нас людзі патрабуюцца, але недахоп некрытычны, чым у параўнанні з летам ці мінулым годам”, — кажуць у фірме, дзе патрабуюцца рознарабочыя.

Выпадкова натыкаюся на аб’яву: патрабуецца мантажнік, заробак — паўтары тысячы долараў у месяц!

“Тэлефон разрываецца. Трэба здымаць рэкламу”, — скардзіцца начальнік участка Вячаслаў, які даў аб’яву. Кажа, што для Беларусі гэты заробак вялікі, але ў Расіі мантажнік атрымліваў бы ў некалькі разоў больш.

“Але ж вы не параўноўвайце ўмовы працы тут і там. Там не вельмі якасныя ўмовы працы, жывуць у вагончыках, не заўсёды плацяць. У нас жа афіцыйнае працаўладкаванне, сацыяльная абарона”.


Наогул рознарабочым прапаноўваюць заробкі ад 1,5 мільёна рублёў, але сярэдні заробак для будаўнікоў у Беларусі прыкладна 4-7 мільёнаў у залежнасці ад вопыту працы.

Пра свой досвед паездак у Расію расказвае 31-гадовы будаўнік Кірыл з Пінска. У сталіцы ён таксама на заробках. 

“Я быў і ў Сочы, і ў Маскве, Ханты-Мансійску, Санкт-Пецярбургу. Можна 1-1,5 тысячы долараў зарабіць, але ёсць праблема — забраць свае грошы. Адзін аднаго наняў і да рабочага даходзіць мізэр!”


Кірыл, як і яго сябра-мантажнік Аляксандр, а  таксама яшчэ колькі будаўнікоў, наўрад ці ў Расію зноў паедуць. Толькі калі фінансава будзе вельмі дрэнна. Зараз хлопцы на будоўлі ў Мінску атрымліваюць каля 7-8 мільёнаў. На пытанне Еўрарадыё, што для вас дрэнна, адказваюць: менш за 6 мільёнаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі