Рымашэўскі: Узровень ціску падчас гэтай кампаніі перавысіў усе ранейшыя

“За тры дні па нашых падліках прагаласавала 47 чалавек, а па падліках камісіі – 112. Галасаваць ідуць ў асноўным з двух дамоў. Магчыма, там інтэрнаты нейкія, альбо дзяржслужачыя. Але галасуюць датэрмінова пераважна жыхары гэтых дамоў”, — расказвае назіральніца Анастасія.

Яна сочыць за парадкам і законнасцю на 47-м участку, размешчаным у сталічнай школе. Тут балатуюцца адразу два апазіцыянеры – камуніст Сяргей Калякін і моладзевы актывіст Зміцер Каспяровіч. Акрамя іх, яшчэ тры кандыдаты. Анастасія кажа, што сябры камісіі паміж сабой ужо абмяркоўваюць пераможцу — знаёмую настаўніцу.

Адзін з лідараў Партыі БНФ Рыгор Кастусёў расказвае, што сёлетняя кампанія ілюзій у яго аднапартыйцаў не выклікала з самага пачатку. Аднак без нечаканасцяў не абышлося. Кастусёў кажа, што мясцовыя выбарчыя камісіі пачалі творча падыходзіць да біяграфій кандыдатаў, якія вывешваюцца на ўчастках.

“Скарачаюць біяграфію кандыдата да мінімуму. Вось, такі выпадак быў у Оршы з Ігарам Казмельчаком. Чалавек падрыхтаваў біяграфію, усё распісаў. А камісія скараціла яе да трох радкоў. Нарадзіўся, жыў і ўсё. Як быццам, у чалавека біяграфіі няма”.

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Віталь Рымашэўскі таксама расказвае, што яго паплечнікі сутыкаюцца з ціскам уладаў і несправядлівасцю. Ён увогуле лічыць, што гэтая кампанія — самая складаная за апошнія гады.

“Той узровень рэпрэсій, узровень перашкодаў, які чыніўся падчас гэтай кампаніі, ён перавысіў усё, што было падчас ранейшых выбараў”.

Віталь Рымашэўскі расказвае, што ніводзін выбарчы пікет сябры БХД у Мінску не прайшоў без перашкодаў з боку міліцыі. Па яго словах, праваахоўнікі фактычна ўзялі на сябе ролю членаў ЦВК і пільнуюць кожнае, нават самае дробнае парушэнне.

“Тое самае нас чакае падчас прэзідэнцкай кампаніі, трэба быць гатовымі да таго, што ўлады не дазволяць спакойна збіраць подпісы”, — мяркуе Рымашэўскі.

Наракае на недэмакратычнасць выбарчай кампаніі і адзін з кіраўнікоў кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў. Распавядае, што у кампаніі былі, у прынцыпе, гатовыя да такога развіцця падзей, таму ад пачатку вырашылі скарыстацца момантам і парэкламаваць свой “Народны рэферэндум”.

“Мы не мелі ілюзій. І мы паставілі перад сабой задачу, праводзіць кампанію ў межах “Народнага рэферэндуму”. І мы збіралі подпісы за яго. І бачым, што людзі падпісваюцца нягледзячы на рэпрэсіі, страх”.

Як правіла, на выбарах у мясцовыя саветы некалькі апазіцыянераў усё ж традыцыйна перамагаюць. Так было і мінулы раз, у 2010 годзе. Што атрымаецца ў апазіцыі цяпер, убачым 23 сакавіка.

Фота Reuters.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі