Сакрэт лідарства: легендарныя пераможцы жніва саступаюць новаму камбайну

На сайце газеты “Беларуская ніва” — спіс лідараў сёлетняга жніва. У кожнай вобласці — свой лепшы камбайнер! І тут я з расчараваннем заўважаю, што ўсе перадавікі маюць… імпартныя камбайны!

Аляксандр Юшчук з Брэсцкай вобласці на імпартным камбайне “Джон Дзір” намалаціў 1,3 тысячы тон, зарабіў за жніво — пад 20 мільёнаў.

“У кіраванні прасцей, хутчэй настройваецца, працы меней з ім у плане рамонту. І гэты таксама ламаецца, але меней”, — хваліць імпартную тэхніку Аляксандр. Камбайнер кажа, што і на беларускім камбайне можна намалаціць многа, але трэба для гэтага вельмі старацца.

Кіраўнік гаспадаркі “Ларынаўка” Аляксандр Кухцянкоў расказвае, што імпартныя камбайны не ў прыклад даражэйшыя за “гомельскія”.

“Пяць гадоў назад за наш камбайн мы аддавалі 3,5 мільярдаў! Добры імпартны камбайн. Ён лепшы за беларускі. Прадукцыйнасць лепшая. На беларускіх намалацілі па тысячы тон зерня, а імпартнымі — па дзве. Ён адзін у нашай гаспадарцы. У вобласці іх ўсяго два”.

Тэлефаную ў гаспадарку “Холмеч” Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці, каб знайсці кантакты легендарных лідараў жніва — камбайнераў Валянціна Саламаха і Аляксандра Граня. Яны пяць гадоў запар станавіліся пераможцамі жніва, нават сустракаліся з прэзідэнтам, у 2010 годзе той падараваў перадавікам гадзіннікі.

Але ў гаспадарцы расчароўваюць:

“У нас ёсць і памацней камбайнеры ў гэтым годзе. Мы купілі новы камбайн і далі яго другім камбайнерам, таму яны ўжо ў нас лідары — яны ўжо мо 4 тысячы тон зерня намалацілі, а экіпаж Саламахі і Граня — мо 2,5 тысячы тон зерня”, — на раз тлумачаць сакрэт лідарства.

Як даведалася Еўрарадыё, у гаспадарцы набылі… імпартны “Лексіён”! Прычым, кошт Лексіёна-760 — 4,2 мільярды рублёў. За гэтыя грошы можна набыць два беларускія камбайны!

Датэлефаноўваюся былым перадавікам. Тыя пальму першынства з рук сапернікаў не рвуць. Але адзначаюць, што многае залежыць ад тэхнікі:

“А што, пара і меру ведаць. Мы ўжо пяць разоў былі перадавікамі. Нам дарылі машыну, скутар у мінулым годзе”.

Еўрарадыё: “А гадзіннік ад прэзідэнта носіце?”

“Ну, цяпер мабільнікі. Але па святах надзяваем”.

Еўрарадыё: “А нам у гаспадарцы казалі, што ў вас цяпер не самы новы камбайн, таму вы і не лідары болей…”

Грань: “Я б не хацеў казаць пра нашы камбайны нічога дрэннага. Не хацеў бы каментаваць. Я б хацеў працаваць на беларускіх камбайнах і ганарыцца гэтым…. А пакуль працуем на імпартным. У хлопцаў новы камбайн, у яго захоп болей, ён спрытней рухаецца”.

Сапернік камбайнер Віталь Ільёў пералічвае Еўрарадыё плюсы імпартнай тэхнікі — кандыцыянер, клімат-кантроль, гідраўзмацняльнік руля, большы захоп жыта, якасць зборкі і хуткасць. Параўноўваць ёсць з чым, раней працавалі на беларускім камбайне і ніколі не займалі першыя месцы.

Ільеў: “Круцей працаваць на гэтым”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі