Санаторый “Беларусь” хацелі пакараць за адсутнасць расійскай праслушкі

Як удакладняе “Наша Ніва” 23 траўня Арбітражны суд Краснадарскага краю разгледзеў справу па заяве Кіраўніцтва Федэральнай службы па надглядзе ў сферы сувязі, інфармацыйных тэхналогіі і масавых камунікацый да санаторыя “Беларусь” у Сочы, які належыць Упраўленню справаў прэзідэнта Беларусі.


Санаторый спрабавалі прыцягнуць да адказнасці за парушэнне КААП: “здзяйсненне прадпрымальніцкай дзейнасці з парушэннем умоваў, што прадугледжваецца спецыяльным дазволам”.



Паводле інфармацыі, што паступіла ад Упраўлення ФСБ Расіі па Краснадарскім краі, у cанаторыя адсутнічаў План рэалізацыі эксплуатацыйна-тэхнічных патрабаванняў па забеспячэнні СОРМ на сетках сувязі ДУ “Санаторый «Беларусь” і Акт ўводу ў эксплуатацыю тэхнічных сродкаў СОРМ па ліцэнзіі № 96696.



СОРМ — гэта цэлы комплекс тэхнічных сродкаў і захадаў, якія прызначаныя для правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў пры дапамозе тэлефоннай сувязі (стацыянарны і мабільныя тэлефоны), бяздротавага інтэрнэту (вай-фай). Адзначаецца, што сістэма СОРМ-1 выкарыстоўваецца для праслухоўвання мабільнай сувязі, а СОРМ-2 — для пратакалявання зваротаў у інтэрнэце.



Фактычна выходзіць, што санаторый “Беларусь” сабатаваў загады расійскіх спецслужбаў аб усталяванні ва ўстанове іх праслухоўвання.



“Факт адсутнасці на момант праверкі дакументаў… якія пацвярджаюць рэалізацыю мерапрыемстваў па ўкараненні тэхнічных сродкаў для правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў на сетцы сувязі аператара сувязі, пацверджаны матэрыяламі справы”, — пішацца ў дакуменце.



Суд пацвердзіў факт адміністрацыйнага правапарушэння, аднак прыцягнуць санаторый да адказнасці не здолеў. Скончыўся тэрмін прыцягнення да адказнасці, які складаў тры месяцы. Парушэнне было зафіксаванае 31 студзеня 2013, а пастанова вынесеная 23 траўня.



Санаторый “Беларусь” размяшчаецца ў горадзе Сочы на ўзбярэжжы Чорнага мора. Там неаднаразова адпачываў Аляксандр Лукашэнка. У гэты санаторый таксама атрымліваюць пуцёўкі чыноўнікі, прамыслоўцы, спартоўцы, прафсаюзнікі. Фактычна, расійскія спецслужбы ўголас выказалі жаданне адкрыта сачыць за наведнікамі санаторыя, у тым ліку самымі высокімі.



 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі