Селянін з-пад Рэчыцы: За незабітых свіней прыгразілі двухмільённым штрафам

“Яны даюць на рукі паперку, дзе напісана, каб мы імгненна збылі свіней. Імгненна, ― паведамляе Еўрарадыё селянін з вёскі Ямпаль Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. ― А праз чатыры дні абяцаюць вярнуцца і праверыць. Хто не збудзе свіней, атрымае два мільёны штрафу. Дык я кажу: свінакомплекс стаіць у лесе. Чамусьці лічаць, што дзік туды інфекцыю не занясе, а свойскія свінні ― занясуць”.

Некаторыя сяляне з Ямпаля і суседніх вёсак гадавалі свіней дзясяткамі. Нягледзячы на шуміху з афрыканскай чумой, свежаніну, па словах селяніна, пакуль удаецца збываць па 35 тысяч рублёў за кілаграм.

Вёска Ямпаль знаходзіцца ў пяцікіламетровай зоне ад буйнога свінакомплекса. І, паводле новых беларускіх ветэрынарна-санітарных правілаў, трымаць так блізка кабаноў забаронена па ўсёй краіне. Мера ўводзілася з-за выпадкаў афрыканскай чумы свіней, якія здарыліся ў Беларусі апошнім часам.

У больш аддаленых ад свінакомплексаў зонах свіней трымаць дазваляюць. Праўда, кожную галаву сёння кантралююць больш пільна, чым асуджаных да хатняй хіміі вязняў.

“У нашым пасёлку гарадскога тыпу толькі сем грамадзян трымаюць свіней, па адной штуцы. Усім ім расказалі аб праблеме, пад роспіс уручылі памяткі, ― распавядае старшыня Зарэцкага пасялковага савета Ірына Лісоўская. ― Кожны тыдзень мы падаем спісы пагалоўя ў ветстанцыю і санстанцыю ― хто ўтрымлівае свіней і колькі. Калі нехта набывае маленькага ― уключаем яго ў спіс, калі кабана колюць ― выключаем”.

У тых жа рэгіёнах Беларусі, дзе былі зафіксаваныя выпадкі “ачагоў асабліва небяспечных вірусаў”, свіней знішчалі, а людзям сплачвалі кампенсацыі.

Нагадаем, што афіцыйна афрыканская чума свіней была зафіксаваная на комплексе “Лучоса” ў Віцебскім раёне і ў вёсцы Чапунь Іўеўскага раёна. Прычэпамі мёртвых свіней вывозілі з вёсак Стаўбцоўскага, Лагойскага раёнаў, са свінакомплекса ў Пружанскім раёне. Праблема са свіннямі ўспыхнула ў Ляхавіцкім, Івацэвіцкім, Баранавіцкім, Валожынскім раёнах. Гэта толькі тая інфармацыя, што трапіла ў СМІ. Тым не менш чыноўнікі не даюць інфармацыі датычна рэальных маштабаў АЧС.

“Якія вы даяце рэпартажы ― усім вядома. Несяце суцэльную хлусню, вы ж людзям не дапамагаеце ― Еўрарадыё і вам падобныя”, ― так адказаў на тэлефанаванне галоўны дзяржаўны ветінспектар Беларусі Юрый Піваварчык

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі