Што зменіцца ў адукацыі пры новым міністры. Меркаванні экспертаў

Што зменіцца ў адукацыі пры новым міністры. Меркаванні экспертаў

15 снежня стала вядома, што новым міністрам адукацыі Беларусі стаў старшыня Кампартыі Беларусі Ігар Карпенка. Еўрарадыё паразмаўляла з экспертамі ў галіне вышэйшай і сярэдняй адукацыі пра тое, чаго нам усім цяпер варта чакаць.

Святлана Мацкевіч, кандыдат педагагічных навук і эксперт Агенцтва гуманітарных тэхналогій:

"Прызначэнне на пасаду міністра адукацыі чалавека з камуністычнай партыі кажа само за сябе. Яно кажа пра поўнае вяртанне сістэмы адукацыі на ўзровень канца 80-х гадоў, я б так сказала. Гэта фактычна рэстаўрацыя ідэалагічных асноваў, якія былі закладзеныя яшчэ ў савецкія часы. І канстатацыя таго, што ў сферы адукацыі за ўвесь гэты час фактычна нічога не адбылося... Крытэрыем ацэнкі якасці кадраў у адукацыі цяпер будзе поўная лаяльнасць педагогаў у дачыненні да сістэмы. А што тычыцца развіцця ў накірунку Балонскіх пагадненняў, то я лічу, што на гэтым можна паставіць кропку".

Што зменіцца ў адукацыі пры новым міністры. Меркаванні экспертаў

Прызначэнне на пасаду міністра адукацыі чалавека з камуністычнай партыі кажа само за сябе. Яно кажа пра поўнае вяртанне сістэмы адукацыі на ўзровень канца 80-х гадоў, я б так сказала. Гэта фактычна рэстаўрацыя ідэалагічных асноваў, якія былі закладзеныя яшчэ ў савецкія часы

Святлана Мацкевіч, кандыдат педагагічных навук

Уладзімір Дунаеў, былы прарэктар ЕГУ:

"Мне падаецца, што перамена міністра адукацыі менавіта ў гэты момант можа быць такім трывожным сігналам. Справа ў тым, што ёсць толькі адна ўзгодненая з Еўропай праграма рэформаў — праграма рэформаў вышэйшай адукацыі, якая называецца Дарожная карта. Гэта дакумент, у якім сабраныя фармальныя абавязальніцтвы Беларусі перад сваімі еўрапейскімі партнёрамі. Гэта ўмовы ўступлення Беларусі ў Балонскі працэс. Жураўкоў фактычна завяршыў гэты працэс фармальнага далучэння... Нельга сказаць, што праца ішла вельмі паспяхова, але яна ішла. Былы міністр рабіў абнадзейваючыя заявы... Цяпер амаль завершаная праца над Кодэксам аб адукацыі. І змяніць цяпер кіраўніка ведамства, якое за гэта адказвае... На мой погляд, гэта рызыкоўны крок. Ён ставіць пад пагрозу выкананне гэтых абавязальніцтваў... Цяпер узнікаюць сумневы, што гэты курс будзе працягнуты".

Аляксей Васілеўскі, вядомы рэпетытар і бацька траіх школьнікаў:

"Жураўкоў быў два альбо тры гады і амаль нічога не зрабіў. Абяцаў шмат, усе чакалі, чакалі, чакалі, а дачакаліся, што ўсё памянялася. І цяпер што, усё нанова, абнуленне? Новы міністр скажа, што гэта ўсё былі абяцанні старога міністра, а ён да іх не мае дачынення? Як на мяне, як бы гэта груба ні гучала, Мінадукацыі — абсалютна непатрэбная структура".

Што зменіцца ў адукацыі пры новым міністры. Меркаванні экспертаў
Ігар Карпенка на сустрэчы з супрацоўнікамі фабрыкі "Алеся", фота агенцтва "Мінск-Навіны".

Бонус ― школьная форма

Пра тое, што Мінадукацыі тармозіць працэс увядзення адзінай школьнай формы для ўсёй краіны, паўтара года таму, у траўні 2015, на сустрэчы з супрацоўнікамі фабрыкі "Алеся" публічна скардзіўся чыноўнік Мінгарвыканкама. Звалі чыноўніка... Ігар Карпенка. Верагодна, пры жаданні цяпер яму гэтае пытанне будзе вырашыць куды прасцей.

"Гэта (увядзенне абавязковай школьнай формы ў Беларусі. ― Еўрарадыё) стала б пэўнай абаронай і падтрымкай айчыннага вытворцы, стымулявала б развіццё вытворчасці на прадпрыемствах канцэрна "Беллегпрам", якому належыць і ваша трыкатажная фабрыка. Масавая вытворчасць адзення для школьнікаў спрыяла б патанненню прадукцыі за кошт павелічэння аб'ёмаў, а не зніжэння яе якасці. На жаль, пакуль усе нарматыўныя акты Міністэрства адукацыі адносна школьнай формы маюць толькі рэкамендацыйны характар", ― сказаў Ігар Карпенка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі