"Складскія запасы? Гэта стратэгічны крок!"

Пасля нарады ў кіраўніка краіны, заводам далі заданне — разгрузіць склады да 1 студзеня 2014 года. Пад агонь падпалі ў першую чаргу прамысловыя прадпрыемствы і нават прадпрыемствы лёгкай прамысловасці. Усе кіраўнікі шчыра абяцаюць склады разгрузіць.

Паводле дадзеных Белстата, на складах назбіралася 9,7 тысяч трактароў. Таму тэлефануем на МТЗ. Але прэсс-сакратар на паседжаннях і інфармацыі нам не дадуць.

Шклоўскай фабрыцы паперы “Спартак” у папрок ставілі адсутнасць іх прадукцыі на паліцах крамаў.

“Прадукцыя на складах ёсць, бо гандаль, скажам, не зусім выбірае аб’емы. Яны бяруць, але, да прыкладу, цэнтральны універмаг “Магілёўскі” за пяць месяцаў бяруць ўсяго 2 тысячы, а мы за месяц вырабляем 60-70 тысяч... А буйныя гандлёвыя кропкі таксама бяруць па трошкі, бо ім, напэўна, выгадней браць імпартнае…” — разважаюць на фабрыцы. Цяпер тут збіраюцца аддаваць прадукцыю па зніжках.

“Акцыю праводзім, што для рознічнай сеткі, мінімальная гандлёвая надбаўка павінна быць не болей за 10%. А так, яны ж бяруць наш кошт і яшчэ + 30% накручваюць! Хай бы яны са зніжкай бралі!” — шчыра абураюцца паводзінамі гандлю на прадпрыемстве.

На фабрыках “Камволь” і “Сукно” сваю прадукцыю прапаноўваюць купіць нават карэспандэнту Еўрарадыё:

“Вось, нават вы можаце пайсці ў нашу фірмовую краму, дзе ў нас да верасня зніжкі — па смешных коштах можна купіць тканіну! І самі купіце і каму раскажаце!” — на “Сукне” кажуць, што вялікія складскія запасы — гэта стратэгічны крок.

“Да прыкладу, у нас на складзе 20 тысяч рулонаў, а прыедзе да нас іншаземны агент, і што? Адразу забярэ 18 тысяч! Як жа мы інакш пакажам размах прадпрыемства?” — дабіваюць логікай на прадпрыемстве.

Кіраўнік “Белдзярхарчпрама” Аляксандр Забела абяцае прэзідэнту, што прадукцыя іх прадпрыемства — цукар і алкаголь, будзе рэалізаваная цягам некалькіх месяцаў.

У прэс-службе канцэрна адзначаюць, што складскія запасы сапраўды ёсць. І хоць, да прыкладу, алкагольную і безалкагольную прадукцыю цяпер будуць прадаваць на “ура” — бо сезон, дык на цукеркі сезон прайшоў.

“Цукеркі звычайна пад Новы год раскупляюць, пад Вялікдзень, а цяпер, безумоўна, ёсць нейкія планы ці яны распрацоўваюцца па кожным відзе прадукцыі”, — супакойваюць у канцэрне.

На “Гомсельмашы” адразу кажуць, што іх прадукцыя сезонная: “Вось цяпер ўборка ўраджаю — будуць купляць”.

Для даведкі, самы папулярны камбайн “Гомсельмаша” “Палессе” каштуе 1,5 мільярда рублёў. Прадаюць у лізінг і зніжаць кошты не збіраюцца, але абяцаюць, што нейкія льготы будуць.

Еўрарарыдыё: А што за льготы: два камбайны па кошце аднаго для пастаянных пакупнікоў?

Гомсельмаш: Ну, так, канечне, не, бо мы не хочам прадаваць па вельмі нізкіх коштах, навошта мы тады працавалі? Але ў дылераў, безумоўна, ёсць нейкія прапановы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі