Стала вядома пра бізнес Бакіева ў Беларусі

Стала вядома пра бізнес Бакіева ў Беларусі

Стала вядома пра бізнес Курманбека Бакіева ў Беларусі. Паводле інфармацыі партала tut.by (ён спасылаецца на "дзве інфармаваныя крыніцы"), структуры былога прэзідэнта Кыргызстана могуць стаяць за "Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыяй", якая ствараецца і рыхтуецца рэалізаваць праекты агульным коштам 1 мільярд долараў.

Тыдзень таму пра праект пабудовы на 160 гектарах каля Рудзенска (Пухавіцкі раён) высокатэхналагічнага аграпрамысловага комплексу поўнага цыклу (рашэнне аб яго стварэнні Аляксандр Лукашэнка ўхваліў у жніўні 2016-га) напісаў сайт naviny.by. Адзначалася, што да гэтага праекту мае дачыненне кампанія Pregan Foundation, якая згадваецца ў скандальным "Панамскім архіве". Рэалізацыяй згаданага праекту будзе займацца створаная ў жніўні Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя. Найбольш яе акцый (33%) мае Мінскі аблвыканкам, аднак асноўнымі ўладальнікамі можна назваць дзве канадскія кампаніі — Biotech Agriculture International Inc. і Agro Industries International Inc. (у іх па 27% і 25% адпаведна). А іх акцыянерам з'яўляецца згаданая вышэй Pregan Foundation. Хто за ёй стаіць, невядома.

Як піша tut.by, фінансаванне праекта пад Рудзенскам здзяйсняецца за кошт уласных сродкаў Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі, а таксама за кошт крэдытаў (разглядаецца варыянт з льготным крэдытам з КНР). Паводле неафіцыйнай інфармацыі, за ім стаяць Курманбек Бакіеў і яго сыны. Калісьці яны рэалізоўвалі падобны праект у Кыргызстане. Ананімная крыніца сцвярджае, што Бакіевы часткова фінансуюць стварэнне аграпрамысловага комплексу.

Былы прэзідэнт Кыргызстана жыве ў Беларусі з 2010 года. Бішкек неаднаразова патрабаваў яго выдачы, у яго адносінах на радзіме былі распачатыя крымінальныя справы. Але ўлады Беларусі адмовіліся яго выдаць. Бакіеў мае беларускае грамадзянства. Ён кажа, што справы ў адносінах яго "сфабрыкаваныя". У кастрычніку 2015-га Курманбек Бакіеў прэзентаваў у Мінску свае мемуары.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі