Сяргей Калякін на Амуры злавіў тайменя вагой 200 кілаграмаў!
Някляеў выцягнуў сёмгу на 8 кілаграмаў, Лазавік — такога ж карпа, Мілінкевіч — кілаграмовага ляшча, а Лябедзька — карася “на далонь”.
Рыба, якую ў дзяцінстве “ўпаляваў” лідар “Справядлівага свету” Сяргей Калякін, амаль у 4 разы важыць больш за прэзідэнцкага сома! Праўда, прызнаецца Еўрарадыё палітык, было гэта не ў Беларусі.
Сяргей Калякін: “Мне пашэнціла — я рыбачыў на Амуры пад Хабараўскам са сваім дзядзькам, які быў лётчыкам і там служыў. Мы лавілі там тайменя па 200 кілаграм — гэта адна рыбіна такая!”
Тайменя таго амурскага, распавядае Калякін, ловяць гэтак жа, як беларускага сома — з дапамогай адмысловага шнура і магутных рыбацкіх прыладаў. Што ж тычыцца рыбалкі на радзіме, то тут найцяжэйшы быў лешч, вагой 1,5 кілаграма. Злавіў яго палітык на возеры ля вёскі Хотліна ў Чашніцкім раёне Віцебскай вобласці — на радзіме маці. Быў там на рыбалцы і сёлета. Праўда, прызнаецца, улоў быў паводле прынцыпу “малую рыбу мы выкідалі, а вялікую складалі ў бляшанку з-пад кансервы”. Але гумовую лодку мае і часам расслабляецца з дапамогай вуды.
Самая вялікая рыбіна, якую выцягнуў лідар кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў, важыла 8 кілаграмаў. І таксама не ў Беларусі — лавіў сёмгу на рацэ Умга на Кольскай паўвыспе. Затое, хваліцца, выцягнуць яе было цяжэй, чым “прэзідэнцкага” сома.
Уладзімір Някляеў: “Сёмга вагой 8 кілаграм — гэта ўжо нават не рыбалка, а паляванне! Яе ўзяць з вады, калі яна ідзе, нагуляўшыся ў моры, на нераст — гэта трэба здорава паўпірацца. Думаю, што сома выцягнуць прасцей: проста трэба ўзяцца талакой за гэтага сома і проста цягнуць яго на бераг, як бервяно”.
Зараз Някляеў часам рыбачыць і ў Беларусі. Але пахваліцца асабліва не мае чым.
Карпа вагой у 8 кілаграмаў вылавіў на возеры ў Стаўбцоўскім раёне сакратар Цэнтравыбаркама Мікалай Лазавік. Суразмоўца Еўрарадыё вялікі аматар рыбалкі, але хваліцца любіць не вагой адной рыбіны, а ўсяго ўлову.
Мікалай Лазавік: “Я колькасцю бяру, а не вагой! Там жа ў Стаўбцоўскім раёне самы буйны ўлоў у мяне быў: лавіў проста дробную плотку і паставіў рэкорд — 82 штукі”.
Асабліва Лазавік любіць прыгадваць сваю рыбалку ў Казахстане на возеры Балхашэ. Вось там, кажа, сапраўды: “палец засунеш — за палец рыба хапаецца”! Па тры-чатыры судакі, прыгадвае, і да дзесятка жэрахаў па кілаграме і больш за адну рыбалку лавіў.
Лідар Руху “За свабоду!” Аляксандр Мілінкевіч у дзяцінстве дзеля рыбалкі праязджаў на ровары 25 кіламетраў. Зараз робіць гэта не вельмі часта і большае, што злавіў, быў кілаграмовы лешч. Але па-ранейшаму да справы гэтай падыходзіць сур’ёзна.
Аляксандр Мілінкевіч: “Падкорму, бывае, зраблю — тады лягчэй больш вялікую паймаць. І на чарвяка, і на цеста лаўлю, і на апарыша — на што сёння ловіцца! Метадам “тыку” спрабуеш падабраць”.
І раіць рыбакам-пачаткоўцам: не забывайцеся на чарвяка плюнуць перад тым, як закінуць кручок у ваду.
Самым няўдачлівым рыбаком выяўляецца лідар АГП Анатоль Лябедзька. Большае, чым ён можа пахваліцца, гэта карась “на далонь”. Але менавіта такую рыбу палітык і любіць.
Анатоль Лябедзька: “Нацягаць дзясяткі два-тры карасёў такіх маладзенькіх, салодкіх і на вуліцы, на патэльні пасмажыць іх з корачкай — вось дзе самы смак!”
Любіць парыбачыць і лідар “Еўрапейскай Беларусі” Андрэй Саннікаў. Гэта відаць з тых здымкаў, якія ён выкладае ў сацыяльных сетках.
Іншых падрабязнасцяў “рыбацкага шчасця” палітыка даведацца не ўдаецца — для тэлефанаванняў Саннікаў недасяжны.
Фота: Змітра Лукашука і з архіваў Мікалая Лазавіка ды Андрэя Саннікава