Творчая анархія захапіла “Чырвоны Дворык”
Там прайшоў Jam Market, які на 10 гадзінаў пераўтварыў некалькі квадратных метраў Мінска ў тусовачны Берлін.
“Ніколі не бачыла столькі людзей на гэтай вуліцы, што тут адбываецца?” — здзіўляецца маладая дзяўчына, якая праходзіць ў нядзелю па мінскай Рэвалюцыйнай.
Ёй адказвае сімпотны хлопец, які, відавочна, “у тэме”: “Там усялякія штучкі прыкольныя прадаюць (паказвае на арку, уваход у дворык), маечкі, дыскі, фоткі, а яшчэ там зараз будзе канцэрт!”.
Еўрарадыё таксама “ў тэме” і ведае, што гэта патаемная арка вядзе ў “Чырвоны дворык”, які за два гады пераўтварыўся ў культурную славутасць альтэрнатыўнага Мінска. Калісьці гэта месца “пазбавіў нявіннасці” фатограф і арт-дзеяч Максім Шумілін, які арганізаваў там свой варыянт Ночы Музеяў наўпрост на вуліцы, у дворыку. З таго часу то кіно на праектары паказваюць, то выцягваюць фартэпіяна на вуліцу і граюць класічны канцэрт, то запрашаюць музыкаў проста паджэміць.
Гэтым разам арганізацыю бярэ на сябе Захар Шлімакоў з творчай “групоўкі” Delay Sound System і захоплівае тэрыторыю, каб зладзіць там “Jam Market Session”. Захар запрашае на джэм-кірмаш мінскі пост-панк-гурт Super Besse, вінілавых дыджэяў, прадстаўнікоў творчай тусоўкі Мінска, а яшчэ прадаўцоў ровараў, пернікаў, дызайнерскага адзення і вінтажных забавак.
“Прыходзілася адмаўляць людзям з вырабамі з жалудоў”, — жартуе Захар, калі адказвае на пытанне Еўрарадыё, па якім крытэрыі адбіраў кандыдатаў “паджэміць” у дворыку.
Гэта праграма цягам 10 гадзін стварае нейкую зусім не мінскую атмасферу, а, хутчэй, якую-небудзь берлінскую, дзе шмат вельмі сімпатычных людзей, якія жартуюць, усміхаюцца, не “бухаюць”, прыязджаюць на роварах, прыходзяць з немаўлятамі на плячах, каб паслухаць дыджэяў ды паразмаўляць пра новыя творчыя праекты.
Хіпстарскае шчасце, якому ўжо хочуць даць працяг: арганізатар ліпеньскага арт-пікніка FSP Дзяніс Чырка кажа, што хоча бачыць кірмаш-зону на сваім фэсце менавіта ў выглядзе Jam Market і ўжо вядзе перамовы з Захарам Шлімаковым.
Так бы і засталася ў галаве гэтая ўтапічная ідэальная атмасфера, каб журналісту Еўрарадыё не стрэльнула ў галаву падняцца у тату-салон, які месціцца ў гэтым жа дворыку, ды не папрасіцца зрабіць сабе пірсінг (натхніла атмасфера, ну што зробіш!). Вось там усе 20 хвілінаў мы толькі і чуем ад зататуяванага майстра, які непатрэбны вэрхал адбываецца ўнізе, і што задзяўбло працаваць цэлы дзень пад гэтую нецікавую музыку.