У Бабруйску адкрыліся курсы “Мова нанова” (фота)
Заняткі будуць адбывацца па пятніцах а 18.00
Вядоўцамі сталі філолаг Вольга Рудая і філолаг ды журналіст Алеся Лацінская. Месца для заняткаў — офіс грамадскай арганізацыі “Свая справа” (Кастрычніцкая, 33/1). Заняткі будуць бясплатныя. За аснову праграмы ўзятыя напрацоўкі сталічных курсаў “Мова нанова”, выкладзеныя на адмысловым сайце — movananova.by
Першы ўрок правялі выкладчыкі мінскіх курсаў Алеся Літвіноўская і Глеб Лабадзенка. Слухачоў сабралася 20 чалавек. Бабруйскія курсы ўжо займелі суполку ў фэйсбуку і заклікаюць ахвочых далучацца.
Раней магчымасці вучыць беларускую мову па-за школай у Бабруйску не было, хоць гэта самы вялікі райцэнтр у Беларусі (220 тысяч жыхароў).
Мінскія курсы “Мова нанова” адкрыліся ў студзені 2014 года. Ужо прайшло 6 заняткаў, якія збіраюць каля 250 чалавек. Заняткі адбываюцца кожны панядзелак а 19.00 у “Галерэі сучаснага мастацтва Ў” (Незалежнасці, 37а).