Удзельнікаў фестывалю бегу затрымалі за акцыю салідарнасці з палітвязнямі
Траіх чалавек, апранутых у кашулькі з партрэтам Міколы Статкевіча, АМАП забраў проста са стартавай паласы.
Мінскі сталічны фестываль бегу “Кубак выкліку” праходзіць пад патранажам зорак беларускага спорту — бягунні Аліны Талай, прызёркі чэмпіянату Еўропы і плыўчыхі Аляксандры Герасімені, прызёркі Алімпійскіх гульняў. У фестывалі прымаюць удзел каманды моладзі, студэнцкіх арганізацый, а таксама сюды запрошаныя каманды журналістаў.
Сваіх прадстаўнікоў на “Кубак выкліку” даслаў і калектыў сайту Серабранка.бай, кіраўніком якога з’яўляецца Кірыл Жываловіч. Бегуны прыйшлі на месца правядзення спаборніцтваў. На іх былі кашулькі з партрэтамі палітвязня Міколы Статкевіча. Яны атрымалі свае стартавыя нумары. Але за 15 хвілінаў да старту іх падышло прыкладна сямёра амапаўцаў, якія папрасілі журналістаў прайсці з імі.
Фестываль бегу “Кубак выкліку” праходзіць на лыжаролернай трасе ў сталічнай Вяснянцы. Хэдлайнеры праекту заклікаюць усіх ахвотных не толькі пазмагацца з уласнай суботняй лянотай, але і зрабіць добрую справу — сабраць сродкі на дапамогу паралімпійскаму чэмпіёну Афінаў-2004 Аляксандру Трыпуцю. Нядаўна ён атрымаў траўму, якая ледзь не каштавала яму жыцця.