Льгот, якія адмянілі ва Украіне, няма і ў Беларусі

З 1 чэрвеня ва Украіне пазбавілі права на бясплатны праезд у грамадскім транспарце удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, “чарнобыльцаў”, ветэранаў працы, ахвяр нацысцкіх злачынстваў. Гэта не застаецца па-за ўвагай беларускіх СМІ. Маўляў, як можна крыўдзіць гэтых людзей. А мы прапануем паглядзець, якія ільготы маюць беларускія ветэраны вайны, “чарнобыльцы” і “афганцы”.

У беларускіх ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны сітуацыя з ільготамі на праезд сапраўды лепшая — яны могуць ездзіць у грамадскім транспарце бясплатна. А вось нашы “чарнобыльцы” і “афганцы” пазбаўленыя гэтага права ажно ад… 2008 года!

“У Беларусі гэта было адменена ў 2008 годзе Указам прэзідэнта і праз закон, якія праходзіў праз парламент, — распавядае удзельнік вайны ў Афганістане, праваабаронца Алег Воўчак. — І тады не толькі “афганцы” трапілі пад той закон: і “чарнобыльцы” трапілі, і інваліды ІІІ групы — па стане здароўя, па ўзросце. Там вялікая катэгорыя ільгот была скарочаная”.

Высвятляецца, што адначасова з праездам айчынных “чарнобыльцаў” і “афганцаў” пазбавілі ільготных рэцэптаў на лекі і бясплатнага пратэзавання. А што з астатнімі ільготамі ў гэтых і іншых катэгорыяў льготнікаў ва Украіне?

Па словах украінскага эксперта ў галіне грамадзянскіх правоў Барыса Кушнірука, ва Украіне ад 12 да 16 мільёнаў розных ільготнікаў — “афганцаў”, “чарнобыльцаў” ды шэрагу іншых. Чаму такая недакладная лічба? Бо агульнадзяржаўнай базы льготнікаў у краіне не было — усе яны рэгістраваліся ў абласцях. Вядома, кажа суразмоўца Еўрарадыё, гэта стварала спрыяльныя ўмовы для карупцыі, калі любое пасведчанне можна было альбо набыць, альбо атрымаць “па знаёмстве”. Ва ўмовах эканамічных цяжкасцяў улады вырашылі выдаткі на ільготы скараціць. Але не поўнай іх адменай, як у суседняй Беларусі.

“Падыход абралі крыху іншы: калі ў чалавека даход вышэйшы за пэўны ўзровень, а гэта да 3 мінімальных заробкаў, то яму тая ільгота не даецца. А калі меншы — тады ён на яе мае права. Без розніцы, хто той льготнік: “чарнобылец”, “афганец”, удзельнік баявых дзеянняў, шматдзетная сям’я ці яшчэ хто”, — тлумачыць Барыс Кушнірук.

А мінімальны заробак ва Украіне ад 1 студзеня 2015 года складае 1284 грыўні, альбо 905 тысяч 220 беларускіх рублёў. У той жа час усе ўкраінскія пенсіянеры маюць права на бясплатны праезд у гарадскім транспарце: метро, трамваях, аўтобусах, тралейбусах. А калі пенсіянер інвалід, то і ў маршрутках. У Беларусі ж усе пенсіянеры мусяць плаціць за праезд.

Дарэчы, ва Украіне адначасова з адменай бясплатнага праезду ў грамадскім транспарце для ветэранаў адмянілі спецпенсіі.

Барыс Кушнірук: “З 1 чэрвеня адмененыя ільготы, звязаныя з так званымі спецпенсіямі. Пэўныя катэгорыі высокапастаўленых чыноўнікаў — пракурораў, суддзяў, іншых дзяржслужбоўцаў высокага ўзроўню — у іх пенсія была, якая магла дасягаць некалькіх дзесяткаў тысяч грыўняў у месяц. Пры тым, што сярэдняя пенсія ва Украіне — 1500 грыўняў (1 мільён 57 тысяч беларускіх рублёў — Еўрарадыё). Цяпер пенсія такіх спецпенсіянераў не можа перавышаць 7 мінімальных заробкаў”.

Эканомія ад такога скарачэння спецпенсій, кажа Барыс Кушнірук, параўнальна невялікая ў грашах — 1,5 мільярда грыўняў у год, але вялізная, калі казаць пра сацыяльную справядлівасць.

Што яшчэ можна сказаць пра льготы? Да прыкладу, у ваюючай Украіне і цяпер пакінулі бясплатнае харчаванне ў школах для ўсіх дзяцей з 1 па 4 клас. У беларускіх школах бясплатна кормяць толькі дзяцей са шматдзетных сем’яў. Калі вы вымушаныя плаціць за камунальныя паслугі больш за 15% агульнага даходу сям’і, то маеце права на атрыманне спецыяльнай “камунальнай” субсідыі ад дзяржавы. Вяртаць яе не трэба. Але калі падманеце, трапіце пад крымінальны артыкул.

І яшчэ, вяртаючыся да адабранага права на бясплатны праезд для ўкраінскіх ветэранаў вайны.

Барыс Кушнірук: “Калі прымалі бюджэт на 2015 год, то прапісалі, што самі рэгіёны могуць вызначыцца: можа, да прыкладу, кіеўскі бюджэт датаваць такіх льготнікаў — дае ім ільготу на праезд у транспарце. Няма ў рэгіёна такой магчымасці — выбачайце”.

Карацей, з ільготамі не ўсё так проста не толькі ва Украіне. Іншая справа, што ў нас няма вайны, мы — "сацыяльна арыентаваная краіна" і ў нас, як упэўніваюць улады, няма моцнага эканамічнага крызісу…

Фота: 7yabudget.com 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі