З дома на праспекце перад праездам Лукашэнкі зрэзалі антэны (фота)

Спадарожнікавыя антэны з дома №85 па Партызанскім праспекце ў Мінску зрэзалі ўдзень 14 траўня. Наста, відавочца падзей, расказвае, што камунальнікі рабілі гэта без ведама жыхароў:

“Гэта недзе каля 16-ай гадзіны было. Людзі на працы ў асноўным, дома нікога няма. Раптам з вуліцы шум, крыкі, нехта сварыцца. Выглядваю ў акно — там камунальнікі падагналі машыну з люлькай і з боку праспекта зразаюць спадарожнікавыя антэны. Адну за адной — шэсць штук зрэзалі. Суседка выбегла, крычыць ім — гэта мая маёмасць! Камунальнікі ёй у адказ пра нейкія дасланыя паперкі расказваюць. А антэны проста на зямлю скідвалі. Апускалі да ўзроўню 1-2 паверхаў і скідалі. Цяпер на месцы антэн кабелі абарваныя вісяць. Яны толькі да адной не змаглі дацягнуцца — яна на пятым паверсе”, — расказвае Наста.

Еду на месца вайны з антэнамі, застаю там толькі адну цэлую — акурат тую з пятага паверха. На месцы іншых толькі драты і кавалкі мацавання. Праз гадзіну пасля мяне па праспекце побач з ачышчаным ад антэн домам праязджае картэж кіраўніка краіны — Лукашэнка наведвае МТЗ.

Кіраўнік ЖЭСа №105 Аляксандр Пыркін сцвярджае, што гэта ён загадаў прыбраць антэны з фасада будынка:

Аляксандр Пыркін: "Згодна з рашэннем яшчэ 2013 года дом №85 знаходзіцца ў спісе каркасных вуліц, дзе забароненае размяшчэнне антэн. Устаноўка гэтых антэн не была ўзгодненая з заканадаўствам. Іх ніхто ніколі не ўзгодніць. Жыхарам выдаваліся прадпісанні прыбраць антэны. Антэны іржавыя, псуюць фасад. І ў людзей праблемы з прамярзаннем кватэр".

Еўрарадыё: Антэны ― гэта прыватная ўласнасць. Што з імі цяпер?

Аляксандр Пыркін: Нічога не папсавана, антэны ўсе ў нас — іх можна забраць у любы момант. Усё цэлае.

Еўрарадыё: Але чаму ўсё ж антэны зрэзалі толькі ўчора? Гэта неяк звязана з праездам побач Лукашэнкі?

Начальнік ЖЭСа: Людзям выдаваліся прадпісанні зняць антэны да 11 чысла. У нас быў тэрмін зняць антэны да 15 чысла.

Еўрарадыё: Такое супадзенне, акурат 15 па праспекце ехаў Лукашэнка…

Аляксандр Пыркін: Гэта ніяк не звязана. На дамах, размешчаных побач, антэны яшчэ засталіся — мы не паспелі зняць. Здымем пасля.

Так што жыхароў дамоў №87 і №89 па Партызанскім праспекце Еўрарадыё папярэджвае — вашы антэны на днях могуць знікнуць.

Адзіная талерка на доме №85, якая ацалела пасля "чысткі 14 траўня". Гавораць, камунальнікі не змаглі да яе дацягнуцца.

Талеркі на доме №87 пакуль цэлыя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі