За адмову адказваць па-беларуску дырэктара ЖЭСа аштрафавалі на 500 тысяч
Блогер Глеб Лабадзенка выйграў справу ў судзе Фрунзенскага раёна.
Гісторыя пачалася, як кажуць, на пустым месцы, на справе побытавага канфлікту. Сусед Глеба Лабадзенкі напісаў скаргу, маўляў, той робіць у кватэры незаконную перапланіроўку (пачуўшы шум ад укладкі пліткі на кухні). ЖЭС вынес папярэджанне, не прыходзіўшы ў кватэру і нават не тэлефанаваўшы. Лабадзенка напісаў пратэст па-беларуску, а яму адказалі па-руску.
“Прычым, не проста па-руску! — кажа Лабадзенка. — Дырэктар ЖЭСа ў канцы ліста напісаў, што ў нас, паводле Канстытуцыі, дзве дзяржаўныя мовы. Чым груба парушыў артыкул 18.1 Закона аб зваротах грамадзян. Там пішацца: абавязаны адказваць у залежнасці ад мовы звароту — на беларускай ці рускай”.
Блогер звярнуўся ў Генпракуратуру, адтуль справу перанакіравалі ў Фрунзенскую пракуратуру, адтуль — у Адміністрацыю Фрунзенскага раёна.
Фота Аляксандра Пацеева, https://www.facebook.com/MovaCiKava
Глеб Лабадзенка: “Мяне выклікалі, апыталі як пацярпелага, вельмі карэктна. Папрасілі прабачэння нават, што няма беларускамоўных бланкаў. І накіравалі справу ў суд”.
Суд абдыўся раніцай 3 верасня. З боку ЖЭСа ніхто не з’явіўся: даслалі факс, што просяць разглядаць справу ў іх адсутнасць.
Глеб Лабадзенка: “Суддзя перагледзела мой ліст, адказ з ЖЭСа, і адзначыла, што парушаны п. 9.13 КаАП Рэспублікі Беларусь. Вердыкт — штраф дырэктару ЖЭСа 5 базавых велічыняў, 500 тысяч рублёў”.
Прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу, ЖЭСу даецца паводле закона, 10 дзён на абскарджанне. Але Лабадзенка кажа, што задаволены.
Глеб Лабадзенка: “Я не прагнуў крыві дырэктара ЖЭСа, мяне б здаволіла проста прызнанне яго віны і якое-небудзь папярэджанне ці вымова. Проста, па гэтым артыкуле менш за 400 тысяч яму даць не маглі. Самае галоўнае тут: стварэнне прэцэдэнту. Не проста махаць кулакамі, што мову крыўдзяць, а адстаяць сваё права на мову законнымі сродкамі у судзе”.
На працэсе прысутнічала юрыст Дар’я Каткоўская, эксперт Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend.
“Суддзя паставілася вельмі прыязна, пацвердзіла, што Закон быў парушаны, — кажа Каткоўская.— Разглядалася нават пытанне аб прыцягненні да адказнасці па артыкуле 9.22, "стварэнне перашкодаў у карыстанні дзяржаўный мовай". Аднак прысуд быў вынесены па артыкуле 9.13, "парушэнне працы па зваротах грамадзян"”.
Адразу пасля пасяджэння Дар’я Каткоўская накіравалася ў… прыёмную суда і папрасіла Кнігу заўвагаў і прапановаў!
Дар’я Каткоўская: “Падчас пасяджэння высветлілася, што ў судзе Фрунзенскага раёна, самага буйнога раёна горада Мінска, няма сакратара, які быў бы здольны весці пратакол судовага пасяджэння па-беларуску. Таму я пакінула ў "Кнізе" прапанову, што працу суду трэба ўдаскнааліць: альбо наняць хоць бы аднаго сакратара, які мог бы задаволіць гэтае канстытуцыйнае права грамадзян, альбо павысіць кваліфікацыю існуючага корпусу судовых сакратароў”.