Брэстаўчанка: Сусед памыўся, а жонка пытаецца: "Чаго ты такі смярдзючы?"

На вуліцы Скрыпнікава, частка якой трапіла ў зону аварыі, знаходзім адно з месцаў раздачы вады. Супрацоўнікі МНС возяць яе ад 5-й ранку да 11-й вечара. Мужчына, які выходзіць з чаргі з двума вёдрамі вады, паведамляе, што калі эканоміць, то гэтага можа хапіць.

Мужчына: "Я, напрыклад, жыву з жонкай, побач дачка з дзецьмі — неяк даем рады. Пакуль яшчэ не Луганск... Увечары тут, як у Маўзалеі, чарга была. У крамах "Фрост" паразабіралі — людзям штосьці піць трэба, есці гатаваць трэба".

Ва ўніверсаме "Усходні" ад прадаўцоў даведваемся, што сапраўды 2 верасня ўсю ваду скупілі. Увечары за 2 гадзіны яны рэалізавалі 600 (!) 6-літровых бутэлек з вадою, аднак цяпер дэфіцыту няма.

Каля машыны ратавальнікаўстаіць невялікая чарга. Пенсіянер з чаргі пра здарэнне даведаўся ад жонкі раніцай 2 верасня. Абвесткі мясцовага ЖЭСу з папярэджаннем не карыстацца вадой з крану, па словах мужчыны, з'явіліся толькі ўвечары таго дня.

Пенсіянер: "Жонка патэлефанавала. Ад яе і даведаўся, што там неяк фекаліі трапілі ці што. Некаторыя кажуць, што не тую трубу варылі. Але як можна пераблытаць каналізацыю з вадаправодам? Абсурд".

Не ўсім пашанцавала даведацца пра аварыю ад родных па тэлефоне. Некаторыя нават паспелі прыняць ванну ў такой вадзе.

"У нас адзін сусед пайшоў мыцца. Жонка яго пытаецца, што ты такі смярдзючы? Як? Я толькі з ванны, кажа ён. Яна пачала адчыняць краны, а там — самі ведаеце што", — распавядае жанчына ў чарзе па ваду.

У раёне вуліцы Скрыпнікава знаходзяцца яслі-сад №64. Маладая маці распавядае, што другі дзень навучальная ўстанова працуе ў надзвычайным рэжыме:

Маці: "Гэта значыць, аднаразовы посуд, самі пітную воду прыносім, з гэтай вады ім гатуюць ежу. Дзетак вельмі мала, бо, вядома, большасць бацькі забралі. Але калі няма магчымасці пакінуць дома, прыводзяць у садок".

Намеснік кіраўніка цэнтру прапаганды і адукацыі Брэсцкага абласнога аддзелу МНС Алег Казлоў пацвердзіў, што аварыя адбылася на вадазаборы чыгункі. Аднак прычыны аварыі і срокі ліквідацыі яе наступстваў пакуль не вядомыя.

Казлоў: "Атрыманыя вынікі лабараторных даследванняў проб вады на санітарна-хімічны паказчык могуць сведчыць пра аварыйную сітуацыю непасрэдна на водазаборы Брэсцкай часткі Баранавіцкай дыстанцыі водазабеспячэння. З іх вынікае, што нейкая аварыйная сітуацыя на чыгунцы ёсць. Праблема існуе, у ёй разбіраюцца, засядае камісія МНС".

Алег Казлоў таксама дадае, што пакуль выпадкаў харчовага атручвання ў зоне аварыі зафіксавана не было.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі