Артыкул 23.34 — самае небяспечнае правапарушэнне ў новым КаАП

Артыкул 23.34 — самае небяспечнае правапарушэнне ў новым КаАП

18 снежня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў другім чытанні новы Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Дакумент яшчэ не падпісаны кіраўніком Беларусі і афіцыйна не апублікаваны. Але законапраект ужо з'явіўся ў тэлеграм-каналах. 

Адвакат Антон Гашынскі пракаментаваў парталу TUT.by, якія змены адбудуцца ў КаАП, калі ён будзе ўведзены ў такой рэдакцыі.

У новым Адміністрацыйным кодэксе будзе ўмацняцца пакаранне для асоб, якія ўчынілі адміністрацыйнае правапарушэнне. 

Напрыклад, уводзіцца новы для Беларусі від пакарання — грамадскія працы, ад 8 да 60 гадзін. Праўда, прызначацца яны могуць толькі са згоды самога чалавека. 

Органам унутраных спраў дадуць магчымасць накладання арышту — па справах аб ухіленні бацькоў ад працаўладкавання па судовай пастанове. Раней арышт мог прызначыць толькі суд, бо гэта значнае абмежаванне канстытуцыйных правоў і свабод грамадзяніна.

Агульны тэрмін адміністрацыйнага арышту застаўся ранейшым — да 15 сутак. Але за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў (цяперашні артыкул 23.34), учыненае паўторна, могуць прысудзіць да 30 сутак. Прычым раней нават за некалькі адміністрацыйных правапарушэнняў не маглі ў сукупнасці асудзіць больш, чым на 25 сутак, цяпер — да 30 сутак.

Увогуле цяперашні артыкул 23.34 (у новым кодэксе мае нумар 24.23) лічыцца ў КаАП самым небяспечным адміністрацыйным правапарушэннем. За яго ў новым кодэксе нават не будзе прадугледжаная такая мера, як папярэджанне. Максімальны памер штрафу павялічаны з 30 да 100 базавых велічынь. З'явілася такое пакаранне, як грамадскія працы. Пры паўторным прыцягненні па гэтым артыкуле штраф можа павялічыцца да 200 базавых (на сёння гэта 5400 рублёў).

Акрая таго з гэтага артыкула выключана ўказанне, што адказнасці падлягае асоба, калі ў яе дзеяннях няма складу злачынства. Гэта значыць, што цяпер за адно і тое ж дзеянне чалавека могуць спярша пакараць адміністрацыйна, а потым яшчэ і пачаць крымінальную справу. 

Больш жорсткай стане адказнасць за непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні службовых паўнамоцтваў. За непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі (напрыклад, за адмову праехаць у РУУС для тлумачэнняў альбо высвятлення асобы) штраф вырас ад 50 да 100 базавых. А таксама ўводзіцца пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ.

Новы кодэкс уводзіць адказнасць за абразу службовай асобы ў Інтэрнэце — штраф да 200 базавых, грамадскія работы, адміністрацыйны арышт. Раней па гэтым артыкуле быў толькі штраф да 50 базавых.

Ёсць змены і ў заканадаўстве аб сродках масавай інфармацыі. Напрыклад, уводзіцца адказнасць уладальніка інтэрнэт-рэсурсу, не зарэгістраванага ў якасці СМІ, за заканадаўча забароненую інфармацыю — напрыклад, з телеграм-канала, прызнанага экстрэмісцкім. Таксама новы кодэкс уводзіць адказнасць за атрыманне замежнай дапамогі для фінансавання сродкаў масавай інфармацыі — за гэта могуць нават канфіскаваць атрыманыя сродкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі