30% удзельнікаў "Кадравага рэзерву" знаходзяцца ў Беларусі — Губарэвіч

Юрась Губарэвіч

Юрась Губарэвіч

Цікавасць сілавікоў да праграмы "Кадравы рэзерв для новай Беларусі" (КР) тлумачыцца тым, што яны адчуваюць у ёй пагрозу для сябе. Так каардынатар ініцыятывы Юрась Губарэвіч пракаментаваў "Позірку" пачатак крымінальнай справы на ўдзельнікаў праграмы.

Ён паведаміў, што "каля 30% удзельнікаў, паводле анкетных звестак, знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі". Пры гэтым арганізатары, па словах Губарэвіча, прымаюць усе меры, каб сілавікі "не ведалі ні пра каго — не важна, або ў Беларусі або за мяжой". Базавыя меры бяспекі падчас анлайн-працы дазваляюць захаваць ананімнасць, упэўнены палітык.

Тым часам прапагандысты заяўляюць, быццам супрацоўнікі КДБ атрымалі доступ да спісу навучэнцаў праграмы і затрымалі некаторых з іх. Акрамя таго, яны праслухоўвалі лекцыі, якія анлайн чытаюць у праграмею

Губарэвіч нагадаў, што ўвосень 2023-га з'явіўся фэйкавы акаўнт КР у тэлеграме. Людзі, якія кантактавалі праз гэты акаўнт знаходзяцца ў небяспецы, кажа каардынатар КР.

У каментары "Зеркалу" ён прызнаў, што некалькі тыдняў таму сайт КР, раней недаступны ў Беларусі, стаў адчыняцца для карыстальнікаў унутры краіны. Значыць, людзі маглі заходзіць на яго без VPN, і іх можна было вылічыць паводле IP-адрасу. На думку Губарэвіча, разблакаваць сайт маглі самі сілавікі. Заўважыўшы гэта, прадстаўнікі ініцыятывы самі абмежавалі доступ, але ў Беларусі кагосьці маглі адсачыць.

"Мы заўсёды рэкамендуем нашым удзельнікам, асабліва тым, хто знаходзіцца ў Беларусі, выкарыстоўваць VPN, зачышчаць перапіску, весці перапіску толькі з афіцыйнымі акаўнтамі, не выкарыстоўваць е-мэйлы, якія маюць спасылкі на іх імя, прозвішча ці месца працы", — пералічвае Губарэвіч меры бяспекі.

14 лютага стала вядома, што Следчы камітэт пачаў крымінальную справу на прадстаўнікоў ініцыятывы "Кадравы рэзерв для новай Беларусі". Іх вінавацяць у стварэнні экстрэмісцкага фарміравання ці ўдзеле ў ім.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі