Аб'яднанне гомельскіх пашукавікоў ліквідавалі за "шкоду дзяржаўным інтарэсам"
Пашукавікі "Памяці Айчыны" падчас працы
Гомельскі абласны суд ліквідаваў пашуковае аб'яднанне "Памяць Айчыны". Пазоў супраць арганізацыі выставіла галоўнае ўпраўлення юстыцыі Гомельскага аблвыканкама.
Сёлета ў сакавіку кіраўнік аб'яднання Ігар Свірыдзенка быў арыштаваны на 10 сутак паводле артыкула аб распаўсюдзе "экстрэмісцкіх матэрыялаў".
Абласная пракуратура занялася комплекснай праверкай "Памяці Айчыны". Яна выявіла, што "Савет таварыства і яго старшыня не прынялі меры па належным прыёме ў чальцы грамадскага аб'яднання і забеспячэнні выплаты членскіх унёскаў".
Таксама пракуратура заявіла, што Свірыдзенка прапагандаваў "сярод чальцоў таварыства і іншых асоб антыдзяржаўныя погляды". Прэтэнзіі пракуратуры датычацца пахаванняў у Чонкаўскім лесе пад Гомелем. Свірыдзенка, як вынікае, казаў, што там ляжаць ахвяры сталінскіх рэпрэсій — гэта было выяўлена і даказана ў 90-я гады. Але цяпер пракуратура сцвярджае, што там знаходзяцца ахвяры нацысцкіх рэпрэсій: Чонкаўскі лес фігуруе ў "справе аб генацыдзе беларускага народа".
Чыноўнікі юстыцыі вырашылі, што дзейнасць пашуковага таварыства "прычыніла істотную шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам". Суд з імі пагадзіўся і ліквідаваў "Памяць Айчыны".
Аб'яднанне займалася пошукам парэштак ахвяр Другой сусветнай вайны і сталінскіх рэпрэсій. За час сваё дзейнасці арганізацыя выявіла некалькі соцень загінулых у Другой сусветнай вайне і мірных грамадзян. Яшчэ ў 2022 годзе дзяржаўныя СМІ пісалі пра "Памяць Айчыны" пазітыўна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.