Аднаўляць інфраструктуру пасля абстрэлаў Украіне дапамагаюць ужо 12 краін
Чарга за вадой у Кіеве / Reuters
Аднаўляць энергетычную інфраструктуру пасля расійскіх абстрэлаў Украіне дапамагаюць ужо 12 краін. Пра гэта ў панядзелак заявіў кіраўнік украінскага МЗС Дзмітро Кулеба. Дамоўленасці аб пастаўках абсталявання ўжо дасягнутыя з Ізраілем, Іспаніяй, Італіяй, Літвой, Германіяй, Паўночнай Македоніяй, Польшчай, Паўднёвай Карэяй, Славакіяй, Славеніяй, Фінляндыяй і Францыяй. Агулам гаворка ідзе пра амаль тысячу адзінак энергетычнага абсталявання. Першыя партыі дапамогі ўжо ва Украіне, іншыя пастаўкі чакаюцца ў бліжэйшы час, піша eurointegration.com.ua.
"Мы працягваем працаваць над павелічэннем кола партнёраў і аб'ёмаў падтрымкі", — кажа Кулеба.
Дамоўленасці былі дасягнутыя як на ўзроўні ўрадаў, так і наўпрост з кампаніямі-вытворцамі тэхнікі. Гаворка ідзе аб генератарах розных тыпаў, цеплавых гарматах і іншым абсталяванні.
"Мы не дазволім расійскага тэрору зламаць нас або нашых партнёраў, — працягвае ўкраінскі міністр. — Мы ўдзячныя кожнаму партнёру і кожнай кампаніі, якія адгукнулася на наш тэрміновы запыт".
31 кастрычніка па Украіне была нанесена чарговая маштабная ракетная атака Расіі. Пацярпела сталіца. На вечар панядзелка ў Кіеве цалкам адноўлена электразабеспячэнне для 350 тысяч сем'яў і аб'ектаў водаканала, якія засталіся без святла з-за ранішняга абстрэлу. Але 40% жыхароў сталіцы ўсё яшчэ застаюцца без вады. Пра гэта паведаміў мэр Віталь Клічко.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.