Аhujenijs — великолепный: як гавораць на рускай мове ў краінах Балтыі
Вільня / Reuters
Дзяржаўны інстытут рускай мовы імя А. С. Пушкіна ўпершыню правёў даследаванне глабальнай канкурэнтаздольнасці рускай мовы, піша "Новая газета — Балтия".
Улічваючы звесткі Сусветнага перапісу насельніцтва, міжнародныя базы навуковых публікацый, статус рускай у міжнародных арганізацыях, колькасць рускамоўных СМІ, аб'ём навуковай інфармацыі на гэтай мове і нават колькасць карыстальнікаў інтэрнэту і рэсурсаў, навукоўцы вызначылі становішча рускай мовы ў свеце. Па словах рэктара ВНУ Маргарыты Русецкай, руская займае 5-е месца ў пераліку 12 вядучых моў свету з паказчыкам 2,78, пакінуўшы ззаду партугальскую (2,44), арабскую (2,33) і нямецкую (2,27), але істотна саступаючы англійскай (16,67), іспанскай (5,26), французскай (3,70) і кітайскай (3,45) мовам.
На рускай мове сёння ў свеце гавораць 258 млн чалавек. Для параўнання: на англійскай і кітайскай — на мільярд больш. Асобна навукоўцы даследавалі становішча рускай мовы ў былых краінах СССР. Аказалася, што ў Літве і Грузіі ў рускай найменшы індэкс устойлівасці. Зрэшты, у Эстоніі і Латвіі ён нязначна вышэйшы. Індэкс разлічвалі па некалькіх параметрах, улічвалі канстытуцыйны статус рускай мовы ў замежных краінах, наяўнасць рускамоўных версій афіцыйных сайтаў найвышэйшых органаў дзяржаўнай улады і да т. п. Найбольш устойлівай у гэтым дачыненні руская мова аказалася ў Беларусі (індэкс 25) і ў Кыргызстане (14,29).
Бедная руская
Эксперты з Літвы і Расіі расказалі "Новой газете — Балтия", як менавіта змянілася руская мова ў краінах Балтыі, дзе яе пазіцыі сёння называюць няўстойлівымі — там, дзе за апошнія 30 гадоў яна страціла статус дзяржаўнай, адышла з афіцыйнай сферы, была ўрэзана ў адукацыйных установах і часцяком працягвае жыць толькі ў сем'ях.
Даведка:
Рускія складаюць 5,4% насельніцтва Літвы, толькі трохі саступаючы палякам. Большасць рускага насельніцтва жыве ў Вільні, Клайпедзе і Вісагінасе. У краіне засталося каля 30 рускіх школ. Перапіс насельніцтва 2011 года прадэманстраваў узровень распаўсюджанасці рускай мовы сярод жыхароў краіны. Роднай яе лічаць 89,3% рускіх літоўцаў, а таксама некалькі дзясяткаў тысяч этнічных літоўцаў, палякаў, украінцаў і беларусаў. Каля 41,6% жыхароў Літвы акрамя роднай мовы валодаюць адной замежнай (руская, англійская, літоўская, нямецкая ці польская).
Першае, што адзначаюць лінгвісты: руская ў балтыйскіх краінах стала менш выразнай, збяднеў слоўнікавы запас носьбітаў, яны рэдка ўжываюць словы ў пераносным значэнні або выкарыстоўваюць не ўсе рускія сінонімы.
"У рускай мове амаль не пачуеш фразеалагізмаў. З слоў-сінонімаў часцей сустракаюцца тыя, якія бліжэйшыя да літоўскіх аналагаў, — адзначае доктар гуманітарных навук Біруце Сіначкіна з Літвы. — Тут адбіваецца імкненне эканоміць маўленчамысліцельныя намаганні. Напрыклад, пры канкурэнцыі сінонімаў киоск або ларёк (сэнсавыя адрозненні тут амаль сцерліся) перавагу атрымлівае слова киоск (літ. kioskas). Зрэшты, дзеля справядлівасці варта адзначыць, што збядненне слоўніка характарызуе рускае маўленне не толькі ў Літве. Людзі сталі менш чытаць, а школьная адукацыя, нацэленая на выкананне тэставых заданняў, не спрыяе развіццю маўлення".
На думку прафесара кафедры рускай філалогіі Віленскага ўніверсітэта сацыялінгвісткі Алы Ліхачовай, скарачэнне колькасці рускіх школ адбілася на ўзроўні валодання рускай мовай у маладога пакалення. "У школьнікаў змяняецца арэал зносін, а кола тэм, якія яны ў стане абмяркоўваць на рускай мове, звужаецца да бытавых пытанняў. Падтрымаць моўную кампетэнцыю маглі б бацькі, але далёка не заўсёды яны носьбіты добрай рускай мовы. Мабыць, школа застаецца адзіным патэнцыйным эфектыўным каналам трансляцыі пісьменнай рускай мовы, але і яна ў цяперашні час не можа гарантаваць выдатнага валодання рускай мовай, бо многія прадметы выкладаюцца на літоўскай. Вельмі вялікая ўвага надаецца якаснаму засваенню дзяржаўнай мовы і замежнай, у асноўным — англійскай", — растлумачыла экспертка "Новой газете – Балтия".
Прынцып мінімалізму
Галоўны прынцып у маўленні рускіх літоўцаў — камунікатыўная зручнасць, а не імкненне гаварыць правільна і пазбягаць маўленчых памылак. Так, пад уплывам літоўскай і польскай на некаторых тэрыторыях краіны літоўскія рускія ў прыметніках і прыслоўях замяняюць слова "слишком" прыстаўкай за-. У Літве не будзе рэзаць слых фраза: "Ты мне положил замного еды" ці "У меня загорячий чай". Ала Ліхачова лічыць, што падобныя нетыповыя для рускай мовы формы эканомяць рускім літоўцам камунікатыўныя намаганні. Зрэшты, тэндэнцыі, звязаныя з эканоміяй моўных сродкаў, назіраюцца і ў іншых шматмоўных краінах.
Як гэта будзе па-руску?
Маўленне рускага літоўца можа нямала здзівіць расіяніна. Рэзаць слых будзе незвычайнае вымаўленне і выкарыстанне нязвыклых слоў. Пасля страты афіцыйнага статусу рускай мовы ў маўленні балтыйцаў з'явіліся літоўскія, латышскія і эстонскія назвы, якія застаюцца неперакладзенымі. Напрыклад, у Літве можна пачуць: "Тебе дали пашалпу" (літ. pašalpa — дапамога) або "Приходил антстолис" (літ. antstolis — судовы прыстаў). Прыклад калькі з літоўскай — выраз "красивая погода", па аналогіі з gražus oras (дзе gražus літаральна перакладаецца як прыгожы, але ў спалучэнні з oras мае значэнне "добрае надвор'е").
"Часам змены ў лексіцы не звязаныя напрамую з новымі рэаліямі, — расказвае Біруце Сіначкіна. — Так, раней паўсюдна заяву называлі па-літоўску pareiškimas, цяпер яго выцесніла слова prašymas (прашэнне). У рускай мове гэта састарэлае слова, яно азначае не ўсякую пісьмовую просьбу, а хадайніцтва пра нешта важнае: прошение о помиловании, напрыклад. І ў рускіх не паварочваецца язык сказаць, да прыкладу: "Ты уже написал прошение об отпуске?" Таму нават мае калегі, спецыялісты па рускай мове, могуць спытаць: "Ты уже написал прашимас на отпуск?" Слова заявление ўспрымаецца як анахранізм, а слова прошение стылістычна не можа служыць яго заменай ва ўсіх выпадках".
Мы будем уехавши
Руская мова ў Літве поўная і граматычнай своеасаблівасці. Невынішчальнай памылкай, па якой можна апазнаць літоўскіх рускіх, па словах Алы Ліхачовай, ёсць замена дзеяслова "быть" на "иметь". Напрыклад: я имею время, работу, брата, а не у меня есть время, работа, брат. Тут адбіваецца ўплыў так званых "мець-моў" (польскай, літоўскай, беларускай, англійскай). З гэтай жа прычыны рускія часта пераймаюць літоўскую граматычную сістэму ў фразах: "мы будем уехавши" або "я уже вчера была сделавши эту работу".
Для літоўскага рускага характэрнае неадрозненне семантычна блізкіх прыназоўнікаў "с" і "в". Так, можна пачуць "хожу с шапкой" (замест с шапкой в руках або в шапке), "мальчик с очками" (замест мальчик в очках). Таксама ў Літве рэдка ўжываюць вінавальны склон, замяняючы яго родным: "Я не хочу учить иностранного языка".
Змешванне моў
Расійскі лінгвіст, кандыдат філалагічных навук, які ўзначальвае аддзяленне балтыстыкі ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце, Аляксей Андронаў даследуе літоўскую і латышскую мовы, ён замежны сябра Акадэміі навук Латвіі. Яго жонка Эверыта — латышка па паходжанні, выкладае родную мову таксама ў СПбДУ, а дзеці — білінгвы. Аляксей Андронаў лічыць, што ўсякая замежная мова — гэта не проста набор граматычных правілаў і лексікі, але перш за ўсё іншая сістэма мыслення і асаблівае ўспрыманне свету. Нядзіўна, што некаторыя асаблівасці той ці іншай мовы аказваюцца занадта складанымі для разумення і выклікаюць цяжкасці перакладу або мудрагелістым чынам адлюстроўваюцца ў мове суседняга народа.
"Для мяне ў латышскай самае цяжкае — гэта ўжыванне займеннікавых і незайменнікавых канчаткаў у пэўных і няпэўных прыметніках. Гэта штосьці падобнае да артыкляў у заходнееўрапейскіх мовах, — расказвае Аляксей Андронаў. — І гэта нешта зусім неспасціжнае для рускай душы — гэтаксама, як для еўрапейцаў абсалютна незразумелае закончанае і незакончанае трыванне дзеясловаў у рускай. Еўрапейцы, якія выдатна размаўляюць на рускай, усё роўна памыляюцца ва ўжыванні трывання, а мы — у артыклях або латышскіх займеннікавых канчатках. Загадка! Мае студэнты пісалі некалькі курсавых і дыпломных работ на гэтую тэму, але, на жаль, ясней не стала. Як казаў Леў Уладзіміравіч Шчэрба, "веданне мовы вымяраецца кіламетрамі прачытаных радкоў". У зносінах, пры чытанні і слуханні павінна ўзнікаць моўнае чуццё, калі вы не можаце растлумачыць, чаму менавіта так правільна сказаць, але ўжываеце правільную форму, кіруючыся гэтым чуццём".
У шматмоўных балтыйскіх краінах мовы актыўна ўплываюць адна на адну — часцей гэта выяўляецца ў запазычаннях, радзей — у сінтаксісе або марфалогіі. Аляксей Андронаў прыводзіць у прыклад форму павіннасці ў латышскай: "У гэтай канструкцыі на латышскай трэба сказаць так: "мне надо читать книга" — у назоўным склоне, што для рускага гучыць нязвыкла і незразумела. Дый для латышоў таксама, таму што ва ўсіх астатніх ладах і часах аб'ект, на які накіравана дзеянне, будзе выкарыстоўвацца ў вінавальным склоне. І вось ужо пад уплывам рускай і іншых моў у гэтую канструкцыю ў латышскай пранікае вінавальны склон. Такі ўплыў на ўзроўні сінтаксісу".
Рознасць культурнай і моўнай карцін свету ў нацыянальных супольнасцяў часта прыводзіць да неразумення або кур'ёзаў. Біруце Сіначкіна прыводзіць простыя прыклады: "Слова ліпа (асабліва яго памяншальная форма — liepaitė) у літоўцаў асацыюецца з вобразам юнай стройнай дзяўчыны, а слова дуб (ąžuolas) — з моцным, буйнога целаскладу, фізічна моцным мужчынам. Гэтыя словы ў абедзвюх мовах сустракаюцца ў маўленчых клішэ, але з рознай экспрэсіўна-эмацыйнай афарбоўкай. У літоўскай мове ўстойлівыя выразы vyrai ąžuolai (мужчыны-дубы) і panos-liepaitės (дзяўчаты-ліпкі) кампліментарныя. У рускай жа характарыстыка дуб (як і яго вытворнае дубина) у дачыненні да мужчыны відавочна негатыўная, а слова липа ў адным з значэнняў таксама мае негатыўную канатацыю (пра што-небудзь неверагоднае, фальшыўку, падробку), а яго памяншальна форма сустракаецца ў зніжаным устойлівым звароце: "ободрать как липку".
Такія розныя гукі
IT-спецыяліст з Расіі Валерый Басаў працуе ў Літве два гады. З калегамі ён лічыць за лепшае гаварыць на англійскай, літоўская ж для яго аказалася складанай, асабліва ў частцы вымаўлення і націскаў. "Я нават сам чую, як жудасна я размаўляю па-літоўску! Але ў мяне язык не паварочваецца сказаць як трэба. Здавалася б, ёсць магчымасць паглыбіцца ў моўнае асяроддзе, у галаве — база англійскай мовы, але як толькі спрабуеш нешта сказаць, выходзіць недарэчна", — тлумачыць свае цяжкасці Валерый.
У філолагаў ёсць гэтаму тлумачэнне: у моў розныя фанетычныя сістэмы. У Літве рускія ненарматыўна вымаўляюць цвёрдыя і мяккія "л": резултат, филм, култура, факултет, але бальтийский, выпольнить, альгебра. Замежныя словы часта вымаўляюць з арыентацыяй на літоўскую мадэль: виолетовый (фиолетовый), катедра (кафедра), терáпия, конкýрс, филолóг і інш.
Калі ў рускай шыпячыя "ж" і "ш" — заўсёды цвёрдыя, а "ч" і "щ" — заўсёды мяккія, то ў літоўскай шыпячыя — парныя. Акрамя таго, рускім заўсёды цяжка адрозніваць літоўскія доўгія і кароткія галосныя і выконваць правілы націску. Вымаўленне, вядома, выдае рускага ў Літве і Латвіі, а тых, хто пачынае вывучаць балтыйскія мовы, часам ставіць у пацешныя сітуацыі. Вучоны Аляксей Андронаў расказаў пра такі выпадак у літоўскім інтэрнаце ў час яго студэнцтва: "Наш пакой абакралі, але гора-рабаўнікі былі п'яныя і, сабраўшы рэчы, заснулі ў пакоі. Тут іх паліцыя і ўзяла. Але яны паспелі выкінуць у акно абагравальнік. Па-літоўску гэта šildytuvas з мяккім "ш". А халадзільнік будзе šaldytuvas — з цвёрдым. І вось я сябрам расказваю, што ў акно выкінулі абагравальнік і вымаўляю сваё звыклае рускае цвёрдае "ш". Для літоўцаў гэта гучыць як "халадзільнік", таму ўсе былі жудасна здзіўленыя, як рабаўнікі прымудрыліся выкінуць яго ў акно з 15 паверха. Вось гэты мяккі "ш" мяне падвёў у тым выпадку. Яшчэ мне вельмі падабаецца слова važiuoti (літ. ехаць), якое дазваляла адтачыць літоўскае мяккае "ж".
Ала Ліхачова адзначае і яшчэ адну асаблівасць рускай мовы ў Літве: перанос правілаў літоўскай мовы на вымаўленне і напісанне мясцовымі рускімі некаторых геаграфічных назваў. Так, Лісабон называюць Лисабона, Чыкага — Чикага, у Еўропе — в Эуропе, Балгарыя — Булгария і г. д.
Ahujenijs, або Чаму літоўцы лаюцца на рускай
Што IT-спецыяліст Валерый Басаў разумее ў Літве без перакладу — гэта экспрэсіўную маўленчую лаянку, таму што часцей за ўсё дарослыя літоўцы выказваюць абурэнне з дапамогай адборнага рускага мата. Пры гэтым больш маладое пакаленне выкарыстоўвае для гэтага англійскія запазычанні.
"Здаецца, рускія мацерныя словы тут ведае кожны і выкарыстоўвае толькі іх. Чалавек можа дрэнна гаварыць па-руску ў прынцыпе, але пашле ў пэўным кірунку практычна без акцэнту. Яшчэ я заўважыў, што "нядобрага чалавека" незалежна ад полу ў Літве называюць курвай. І даволі часта чую нашу рускую прыказку: "Лучше поздно, чем никогда". Калі спрабавалі разабрацца, чаму менавіта гэтыя словы, менавіта гэтыя выразы замацаваліся ў маўленні літоўцаў сярэдняга пакалення, вырашылі, што ўсё гэта з савецкага дзяцінства засталося. Маладыя літоўцы такога ўжо не выкарыстоўваюць і не ведаюць", — расказаў Валерый Басаў.
Эксперты тлумачаць: у літоўскай няшмат лаянкавых слоў, пры гэтым крайне мала грубых слоў. Аляксей Андронаў успомніў, як выявіў адно з такіх цалкам выпадкова ў час дыялекталагічнай экспедыцыі. У спробах высветліць правільнасць пастаноўкі націску ў слове rupūžė (літ. жаба) ён упершыню пачуў ад літоўскай бабулі (якую пытанне маладога студэнта ўвяло ў замяшанне, а потым рассмяшыла), што ўвогуле гэтае слова часта ўжываецца як лаянка.
У Латвіі ж выпушчаны 13 гадоў таму слоўнік слэнгу, у якім латышскімі літарамі былі напісаныя рускія мацерныя словы, выклікаў мноства негатыўных водгукаў. Кнігу распаўсюдзілі па школах, зместу падзівіліся нават многія рускія. Акрамя даволі бяскрыўдных pofig, abaldet ёсць і зусім ненарматыўныя словы з даволі вольным перакладам. Напрыклад, ahujenijs аўтары слоўніка перакладаюць як великолепный. А razborkas ar žmurikiem азначае разборкі не са жмурыкамі, а з бандытамі.
Зрэшты, як кажуць навукоўцы, для лінгвіста няма непрыгожых слоў, як для лекара няма непрыгожых частак цела. "Слоўнікавая работа мае ў сабе цяжар усіх катаржных работ, — адзначае Аляксей Андронаў. — Слоўнік павінен цалкам адлюстроўваць лексічны склад мовы. Прафесар Пецярбургскага ўніверсітэта Валерый Паўлавіч Беркаў, укладальнік руска-нарвежскага і нарвежска-рускага слоўнікаў, уключаў у іх усе "нядобрыя" словы і спецыяльна адзначаў, наколькі яны грубыя, каб іншаземец ведаў, што маецца на ўвазе".
Іншая руская
Будучыня рускай мовы ў краінах Балтыі, лічаць эксперты, — пытанне не толькі і не столькі палітычнае або лінгвістычнае, колькі дэмаграфічнае. Біруце Сіначкіна тлумачыць гэта на прыкладзе сваёй сям'і: "Рускіх жыхароў у Літве становіцца ўсё менш. Значыць, заключаецца больш змяшаных шлюбаў. Мая мама — руская і русістка, я вырасла ў рускай сям'і. Мая дачка скончыла рускую школу, потым русістыку ў Віленскім універсітэце, а пазней — магістратуру па журналістыцы. Яна спецыялістка па сувязях з грамадскасцю, і яе літоўская цяпер лепшая за рускую. Муж у яе літовец, і дома яны гавораць па-літоўску. У маіх унукаў родная мова — літоўская, хоць вуснай рускай яны валодаюць".
Руская мова ў Літве мае свае асаблівасці, няправільнасці, "дзіўнасці", што з навуковага пункту гледжання цалкам натуральна і непазбежна для мовы, якая прыстасоўваецца да рэгіянальных камунікатыўных патрэб. Гэтая мова ў Літве не выходзіць з ужытку, і, на думку сацыялінгвісткі Алы Ліхачовай, руская мова ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі, асабліва ў сувязі з прытокам у Літву рускамоўных імігрантаў, застанецца істотным кампанентам мясцовага шматмоўя і запатрабаванай замежнай мовай у Літве. Пры гэтым экспертка адзначае, што апошняе ў значнай ступені залежыць ад эканамічнага і палітычнага іміджу Расіі ў свеце.
Адрозненні рускай мовы за мяжой будуць больш адчувальнымі і, магчыма, нават стануць варыянтам агульнарускай нормы. На думку Біруце Сіначкінай, менавіта таму важна вывучаць мясцовую рускую мову і кадыфікаваць варыянтную норму, калі гэта абгрунтавана. З назапашваннем мясцовых адрозненняў, якія з цягам часу будуць толькі памнажацца, руская мова стане плюрыцэнтрычнай. Інакш кажучы, яна будзе развівацца незалежна ад мацерыковай з зацвярджэннем уласных нормаў.
Пры падтрымцы "Медиасети"
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.