Антырэкорд: 8 лістапада ў Беларусі затрымана больш за 1000 чалавек

Антырэкорд: 8 лістапада ў Беларусі затрымана больш за 1000 чалавек

У нядзелю 8 лістапада ў Беларусі, як мы і прагназавалі, затрымана вельмі шмат мірных людзей. Валанцёры, якія дзяжураць ля РУВД у Мінску і іншых гарадах, налічылі больш за 1240 чалавек. Праваабаронцам "Вясны" на дадзены момант вядомыя імёны 1015-ці затрыманых. Як бачым, сёння сілавікі на чале з новым міністрам унутраных справаў Курбаковым вырашылі пабіць рэкорд 13-га верасня: тады на Маршы герояў было затрымана 774 чалавекі. 

Вядома, што сярод затрыманых — "Міс Беларусь-2008" Вольга Хіжанкова, акцёр Аляксандр Ждановіч (Маляваныч), чэмпіён Беларусі па кікбоксінгу і тайскім боксе Іван Ганін, лёгкаатлет, срэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 2008 Андрэй Краўчанка, актывістка і маці палітвязня Паўла Севярынца — Таццяна Севярынец, рэпарцёры Ян Аўсеюшкін, Арцём Лява, Яўген Шапчыц, лекары Ірына Маркелава і Мікалай Юдо, рэжысёр і акцёр Юрый Дзівакоў, мастак Уладзіслаў Стальмахоў з дачкой Настай, навуковец і кіраўнік "Аховы птушак Бацькаўшчыны" Юрый Фянчук, а таксама проста нечыя дзеці, маці, таты, бабулі і дзядулі.

885 чалавек трапілі ў рукі байцоў АМАП, ГУБАЗіК і спецназа (так, сёння на пратэстоўцаў кінулі спецназ) у Мінску. Таксама людзей затрымлівалі ў Бабруйску, Бярозе, Віцебску, Гомелі, Гродне, Ляхавічах, Магілёве, Полацку. 

Многія з іх стаяць у "расцяжцы" у РУУС, як на фота вышэй, доўгія-доўгія гадзіны. На іншых складаюць пратаколы і адпраўляюць — дадому да суда ці адразу ў ізалятар па камерах. Як мінімум 12 разоў у мінскія аддзяленні міліцыі па затрыманых прыязжалі машыны хуткай дапамогі.

Дарэчы, МУС і дзяржканалы зноў будуць крычаць пра тое, што пратэсты "здуліся". Але калі б здуліся, дзе б сілавікі набралі столькі затрыманых?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі