Апейкін адказаў на прэтэнзіі: БФСС працягвае працу, кіраўніцтва не пакіну
Аляксандр Апейкін
"Увесь гэта ліст — толькі эмоцыі. Там няма ні дакументаў, ні канкрэтных прыкладаў", — так кіраўнік Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін пракаментаваў сайту "Зеркало" ліст вядомых спартоўцаў.
Як распавядала Еўрарадыё, напярэдадні каля 40 вядомых беларускіх спартоўцаў выступілі з публічнай заявай. Яны выказалі недавер Апейкіну і заявілі, што ён не мае права прадстаўляць свабодных беларускіх спартоўцаў.
Апейкін не пагаджаецца ні з адной прэтэнзіяй, якія яму выставілі, і тлумачыць іх асабістымі крыўдамі. Паводле яго, крыўды пачаліся пасля таго, як фонд перастаў выплочваць стыпендыі. Апейкін сцвярджае, што фонд выканаў усе свае фінансавыя абавязальніцтвы.
"Некаторым выплачвалася стыпендыя. Чалавек дзесяць са спісу, што выступілі супраць мяне. Сумы вар'іраваліся — у асноўным ад 500 да 1000 еўра ў месяц. Некаторыя атрымалі такія грошы адзін раз, іншыя — часцей. Чаргавалі дапамогу. Былі і буйныя выплаты. Напрыклад, Фонд дапамагаў Леўчанка з аперацыяй пасля таго, як яна з'ехала з Беларусі, адседзеўшы на Акрэсціна. Алена атрымала больш за 10 000 еўра (журналістам Фонд падаў выпіскі аб пераводзе экс-баскетбалістцы 8000 еўра, а астатняя сума, як заявілі, пералічвалася з карткі на картку, калі ў БФСС яшчэ не было разліковага рахунку. — "Зеркало")", — заяўляе Апейкін. Ніхто не абяцаў, што гэтая падтрымка будзе пастаяннай, бо грошы вылучаюцца на падставе грантавай дапамогі і мэтавых праграм, дадае ён.
Гаворачы аб "сувязі спартовай арганізацыі з вайсковым падраздзяленнем", кіраўнік БФСС прызнаў: "Так, мы дапамагалі дабрачынным арганізацыям, перадавалі сродкі на патрэбы ВСУ, бежанцаў. Была падтрымка грамадскага аб'яднання "Пагоня", якое ўзначальвае Віталь Гуркоў. Але гэта была непублічная ініцыятыва — нідзе мы не заяўлялі аб супрацоўніцтве. Амаль усе зборы насілі гуманітарны характар".
Паводле Апейкіна праз гэта ніводзін са спартоўцаў не пацярпеў. За супрацу з фондам пацярпеў толькі адвакат Аляксандр Данілевіч, кажа ён.
БФСС мякуре працягнуць працу ў бліжэйшыя тры гады. "У нас ужо ёсць грантавая падтрымка. Будзем паступова набіраць абароты і працягнем дапамагаць беларускім спартсменам. Гэта не будуць, напэўна, маштабныя справы, як, скажам, суд супраць УЕФА — такіх рэсурсаў няма. Акрамя таго, частка мінулай каманды цяпер запатрабаваная ў іншых месцах. Сам пакуль сумяшчаю справы фонду з працай у федэрацыі лёгкай атлетыкі Украіны, але часу моцна не хапае", — прызнаецца Апейкін. Тым не менш пакідаць кіруючую пасаду ў фондзе ён не плануе. Таксама кіраўнік БФСС заяўляе, што гатовы да публічнай дыскусіі з падпісантамі ліста ў жывым эфіры.
У Апейкіна спыталіся пра фінансавую справаздачнасць БФСС, якую ён абяцаў аднародаваць яшчэ напрыканцы 2023 года. "У нас ідзе аўдыт. А далей апублікуем фінансавую справаздачнасць. Пакуль не ведаю, у якім аб'ёме. Некаторых могуць здзівіць лічбы з сумамі падтрымай спартсменаў", — адказаў ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.