Баскетбалістку Алену Леўчанка асудзілі на 15 сутак
15 сутак адміністрацыйнага арышту прысудзілі баскетбалістцы Алене Леўчанка ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Суд адбываўся па відэасувязі: саму спартоўку яшчэ зранку даставілі на Акрэсціна.
Леўчанка была затрыманая ў аэрапорце. Яна планавала вылецець на лячэнне. Спярша спартоўку даставілі ў Цэнтральнае РУУС Мінска, а адтуль — на Акрэсціна.
Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі ў Мінску 27 верасня. Паводле пратаколу, як перадае Радыё "Свабода", у гэты дзень каля 16:10 на праспекце Машэрава баскетбалістка несла ў руках плакат "Народ — чэмпіён".
Сама Леўчанка віны не прызнала і заявіла: "Я цэлы дзень гуляла. Я не памятаю, дзе я была канкрэтна ў канкрэтны час".
Да Акрэсціна падтрымаць затрыманую баскетбалістку прыйшлі спартоўцы, заўзятары, журналісты, вядомыя асобы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.